Авіякампанія ўвядзе плату за магчымасць адкінуць спінку крэсла
Канадскі лоўкостэр WestJet вырашыў браць з пасажыраў дадатковую плату за тое, што раней лічылася базавым камфортам, піша BILD.
WestJet ўводзіць новую схему пасадачных месцаў, якая ўжо выклікала хвалю крытыкі.
У самалётах з'явяцца тры класы камфорту: 12 «прэміум-крэслаў» з рэгуляванай спінкай і падгалоўнікам, за якія давядзецца плаціць асобна, 36 месцаў з крыху большай зонай для ног, але без магчымасці адхіліць спінку і стандартная эканом-зона — без прасторы і без рэгулявання.
Прадстаўніца кампаніі Саманта Тэйлар заявіла, што новая кабіна «створана з клопатам пра кожны бюджэт» і прапануе «сучасны вопыт палёту».
«Фантазія авіякампаній не перастае мяне здзіўляць: яны нейкім чынам ствараюць у людзей уражанне, што тыя атрымліваюць больш, пераплачваючы. Але цяпер сітуацыя выглядае так: вы плаціце больш, каб атрымаць тое, што ў вас ужо ёсць», — пракаментаваў гэтае рашэнне прафесар авіяцыі ва Універсітэце Макгіла Джон Градэк.
WestJet — не першая кампанія, якая эканоміць на спінках крэслаў. У Еўропе многія лоўкостэры, уключаючы Ryanair і EasyJet, ужо ўсталявалі крэслы без рэгулявання.