Польская пракуратура: Прыкладаем усе намаганні па высвятленні месцазнаходжання Мельнікавай
Нацыянальная пракуратура Польшчы адказала на запыт Паўла Латушкі наконт крымінальнай справы аб знікненні Анжалікі Мельнікавай.
Анжаліка Мельнікава
Кіраўнік НАУ Павел Латушка атрымаў адказ ад начальніка Люблінскага аддзела Нацыянальнай пракуратуры Польшчы. У лісце паведамляецца, што дзеянні, якія праводзяцца ў ходзе папярэдняга следства, «накіраваны на высвятленне абставін не толькі выезду з Польшчы Анжалікі Мельнікавай, але і іншых аспектаў, якія вынікаюць з пададзенага паведамлення аб падазрэнні ў здзяйсненні злачынства».
Таксама ў адказе гаворыцца, што «як Пракуратура, так і Агенцтва Унутранай Бяспекі прыкладаюць усе намаганні для ўстанаўлення месцазнаходжання Анжалікі Мельнікавай».
Спікерка Каардынацыйнай рады Анжаліка Мельнікава пакінула тэрыторыю Польшчы і Еўрасаюза 26 лютага 2025 года і паляцела ў Лондан. Паводле расследавальнікаў, за дзень да вылету яна зарэзервавала нумар у пяцізоркавым гатэлі на Шры-Ланцы, дзе ўжо бывала раней. З 28 лютага да 7 сакавіка Мельнікава жыла ў тым гатэлі з дзецьмі. 7 сакавіка Мельнікава з дзецьмі паляцела ў Дубай, там яе след губляецца. 25 сакавіка яна перастала выходзіць на сувязь. Дзе яна і што з ёй, няма інфармацыі.
Каардынацыйная рада заяўляла, што 13 сакавіка з яе акаўнта былі спампаваныя дакументы, якія датычацца працы арганізацыі.
У тым жа месяцы, паводле звестак «Кіберпартызанаў», Мельнікава перавяла на асабісты рахунак больш за 150 тысяч долараў са сродкаў фонду Białoruś Liberty. Вядома таксама, што перад знікненнем яна лётала на Кубу і ў Шры-Ланку разам з Аляксеем Лабеевым, супрацоўнікам лукашэнкаўскіх спецслужбаў.
Чытайце таксама:
Гліннік: Выступ Мельнікавай на апошняй канферэнцыі быў дзіўны — яна казала, як хоча дадому