БЕЛ Ł РУС

«Прыгадала татавы словы: трэба пальцамі калоць у вочы». Жанчына расказала, як выжыла падчас нападу маньяка-ліфцёра

11.10.2025 / 16:1

Nashaniva.com

У 1999 годзе маньяк напаў на 16‑гадовую школьніцу ў Віцебску. Выратавала дзяўчынку выпадковасць, а забойца пасля гэтага схаваўся на шмат гадоў, расказалі ў сюжэце АНТ.

Ахвяра маньяка-ліфцёра Святлана. Скрыншот відэа АНТ

Святлане тады было 16 гадоў. Напад здарыўся 26 красавіка 1999 года. Жанчына вельмі добра запомніла ўсе дэталі таго страшнага дня. Святлана прыбегла са школы, перакусіла дома бутэрбродам, а потым пабегла на вуліцу да сяброўкі. Але там яе не аказалася.

«Выйшла з пад'езда, паглядзела, нікога нібыта няма. Сяброўкі няма. І я пайшла назад дадому. Як толькі я зайшла ў ліфт, побач з дзвярыма з'явілася мужчынская нага. Ён зайшоў у ліфт. Пачаў расшпільваць шырынку, я адразу ўсё зразумела без слоў. Ён націснуў на стоп і пачаў вельмі моцна біць. Біў спіной аб ліфт, галавой аб ліфт. Удараў было вельмі шмат», — успамінае Святлана.

Калі дзверы ліфта адчыніліся, нападнік працягнуў школьніцу за шыю на паверх ніжэй. І працягнуў яе збіваць.

«Калі ён сядзеў на жываце, каленам біла яму ў спіну. Ён прыпаднімаўся, усёй вагой зноў скакаў назад. Пакуль я не ўспомніла татавы словы: калі нешта здараецца, трэба пальцамі ў вочы. Я так і зрабіла. Але не дацягвалася. Дацягнулася чамусьці да рота. Пачала рваць яму рот. Ён са злосці ўкусіў мяне. І стаў вельмі моцна душыць. Настолькі, што ў мяне ні рукі, ні ногі не падымаліся. Яго я ўжо не бачыла, толькі белая пляма. Колькі я так праляжала, не ведаю. Я ўжо нічога не памятаю», — расказала Святлана.

Выратавала школьніцу выпадковасць. Менавіта ў гэты момант з кватэры выйшаў сусед. Ён вырашыў выгуляць сабаку.

«У яго быў сабака, аўчарка. Ён адразу пайшоў наверх. І Віталік (сусед. — Прым. НН) убачыў мае красоўкі. Нападнік ускочыў і хутка збег. Віталь пабег за ім. Суседзі паказалі ў розныя бакі. І ён яго не дагнаў», — адзначыла Святлана.

Гэты выпадак, па версіі следства, напалохаў маньяка настолькі, што ён спыніў напады і забойствы. Знайшлі яго толькі праз 30 гадоў.

Чытайце таксама:

Справа ліфцёра. Сталі вядомыя новыя падрабязнасці справы маньяка з Магілёва

«Бацька Юрыя Дзям'янава не верыць у датычнасць сына». З'явіліся новыя падрабязнасці справы маньяка-ліфцёра

Што пагражае магілёўскаму маньяку-ліфцёру? Юрыдычны казус, але максімум за восем трупаў — 15 гадоў калоніі

Выпадковы сведка заспеў маньяка-ліфцёра каля ахвяры. І папрасіў яго пабыць побач з забітай дзяўчынай, пакуль не прыедзе міліцыя

Міліцыя схавала галоўнае — магілёўскі маньяк-ліфцёр ужо сядзеў за згвалтаванне. Але яго не праверылі на датычнасць да забойстваў

Як так выйшла, што магілёўскі маньяк-ліфцёр, які забіў восем дзяўчат, спыніўся пасля 1999 года?

У Магілёве злавілі маньяка-ліфцёра, які ў 1990‑я згвалтаваў і забіў восем дзяўчат

Каментары да артыкула