Аляксандра Шакуціна адпусцілі пасля трох сутак у СІЗА
Дынамічна мяняецца сітуацыя ў жыцці Аляксандра Шакуціна, «бізнэсмена ўдачы» пры Лукашэнку. Будучы затрыманым у пачатку тыдня, ён ужо, як стала вядома «Нашай Ніве», на свабодзе. У СІЗА яго пратрымалі 72 гадзіны.
Аляксандр Шакуцін. Фота: lookby.media
10 кастрычніка «Наша Ніва» паведамляла, што ў пачатку тыдня быў затрыманы Аляксандр Шакуцін, збанкрутавалы бізнесмен з першага кола Лукашэнкі, былы ўласнік «Амкадора».
Пасля гэтага мы атрымалі некалькі ананімных паведамленняў з развіццём гісторыі. Нам удалося пацвердзіць іх.
Калі скласці ўсё разам, то атрымліваецца, што Шакуцін быў затрыманы ў аўторак, 7 кастрычніка. І правёў у СІЗА (імаверна, у СІЗА КДБ) 72 гадзіны. На гэты момант ён ужо на свабодзе.
Якія падазрэнні прад'яўлены Шакуціну і ў чым іх сутнасць, невядома.
Блізкая да «Амкадора» крыніца сцвярджае, што адбываецца нейкае падатковае разбіральніцтва па старых справах прадпрыемства.
Аляксандр Шакуцін. Фота: lookby.media
***
Раней «Наша Ніва» ўжо расказвала, што траекторыя лёсу Шакуціна нагадвае сітуацыю з Юрыем Чыжом.
Маючы за кошт сяброўства з Лукашэнкам проста нерэальныя рынкавыя перавагі кшталту магчымасці масавых прыватызацый на банкаўскія грошы, ільготныя крэдыты, спісанні даўгоў, перакрэдытаванні дзяржавай, прамоцыю на расійскім рынку і гэтак далей, што Чыж, што Шакуцін так і не змаглі за дзесяцігоддзі «лафы» стаць паспяховымі бізнэсменамі. Чыж цяпер судзіцца са сваёй сям'ёй за парэшткі былой бізнэс-імперыі. А Шакуцін загнаў «Амкадор» у банкроты і зрабіў праблемай дзяржавы свой гіганцкі — у сотні мільёнаў даляраў — доўг перад кітайцамі.
Чытайце гісторыю падзення бізнеса Шакуціна: Шакуцін заляцеў мінімум на $40 мільёнаў
У сакавіку 2025 года «Наша Ніва» паведаміла, што Лукашэнка адабраў у Шакуціна «Амкадор», перадаўшы прадпрыемства пад кантроль БелАЗа.
Чытайце таксама: Лукашэнка нацыяналізаваў «Амкадор». Шакуцін стаў простым беларускім пенсіянерам
Шакуцін некалькі месяцаў яшчэ заставаўся бенефіцыярам і саўладальнікам некалькіх заводаў і дыстрыб’ютарскай сеткі «Амкадора» ў Расіі, але таксама выйшаў з доляў.
Чытайце таксама: У Шакуціна забралі гаротны даўгабуд «Шантэр Хіл» каля Драздоў
У канцы красавіка 2025 года Лукашэнка наведаў «Амкадор» і сказаў, што «найбліжэйшым часам давядзецца вельмі моцна папрацаваць на «Амкадоры», які знаходзіцца ў складаным становішчы праз дзеянні [мінулага] ўладальніка».
Аляксандр Лукашэнка прыязджаў да цешчы разам з блізкім асяроддзем — у тым ліку з Шакуціным. Злева направа: тэнісны трэнер Сяргей Цяцерын, Віктар Лукашэнка, спявачка Алена Ланская, Аляксандр Лукашэнка, Алена Жаўняровіч, асабістая доктарка Лукашэнкі Святлана Канашэнка, тэлевядучая Паліна Шуба, Аляксандр Шакуцін
ААТ «Амкадор» — беларуская машынабудаўнічая кампанія. Займаецца вытворчасцю і рэалізацыяй спецыяльных машын для дарожна-будаўнічай, лагістычнай, торфаздабыўной, камунальнай, лясной, сельскагаспадарчай галін. У структуру холдынгу «Амкадор» уваходзілі больш за 25 прадпрыемстваў.
Аляксандр Шакуцін
Аляксандр Шакуцін нарадзіўся ў 1959 годзе ў вёсцы Вялікае Бабіна Аршанскага раёна. Пачынаў як трактарыст калгаса «Радзіма». Закончыў Беларускі дзяржаўны медыцынскі ўніверсітэт па спецыяльнасці «хірург». Працаваў загадчыкам хірургічнага аддзялення 10‑й мінскай бальніцы, дырэктарам медцэнтра МТЗ. У якасці прэзідэнта прадпрыемства «Праммедінвест» займаўся пастаўкамі медыцынскага абсталявання. Стаў акцыянерам «Амкадора», узначаліў кампанію. Быў членам Савета рэспублікі, узначальваў Беларускую тэнісную федэрацыі.