Варшаўскі шэлтар для палітвязняў не апынецца на вуліцы з новага года
Кіраўнічка шэлтара Ганна Федаронак распавяла «Нашай Ніве», што пытанне з фінансаваннем атрымалася вырашыць яшчэ на год, дзякуючы Міжнароднаму гуманітарнаму фонду, які ўзяў беларусаў пад сваю апеку, калі навісла рызыка прыпынення іх працы.
Кіраўнічка шэлтара Ганна Федаронак. Фота: «Наша Ніва»
У верасні мы пісалі, што лёс шэлтара, які называюць Церамком, быў туманны: арэнда дома ў Варшаве на 20 чалавек разам з камуналкай абыходзіцца амаль у чатыры тысячы еўра, і такія грошы донар выдзяляў толькі да канца 2025 года.
Ганна Федаронак перажывала, што разам з палітвязнямі і нажытай за гады тэхнікай і мэбляй на Новы год апынецца на вуліцы, але пакуль можна выдыхнуць.
«Гэты дом на Балотнай застаецца за намі яшчэ на год —старшыня Нарвежскага хельсінкскага камітэта і член Міжнароднага гуманітарнага фонду Берыт Ліндэман была ў нас яшчэ ў верасні, яны паабяцалі ўзяць на сябе выдаткі за дом на 2026 год».
Акрамя таго, Ганна Федаронак не губляе надзеі, што польскія ўлады выдзяляць ім дадатковы, больш прасторны закінуты дом, які б дазволіў прымаць больш людзей.
«Мы плануем засяліць у сябе частку групы палітвязняў, вызваленай у верасні, калі ў іх вырашыцца пытанне з дакументамі. Ніхто не выключае, што людзей будуць выпускаць з турмаў і далей — пытанне іх размяшчэння вельмі актуальнае. Акрамя таго, мы хацелі б дапамагаць нашым рэпрэсаваным пенсіянерам, таму падчас візіту да нас дырэктара Варшаўскай мэрыі Міташа Госа і яго сакратара Малгажаты Закрэўскай мы абазначылі, што марым пра дом хаця б на 50 месцаў, а лепш на 100 — чым больш, тым лепш.
Мы даўно і стала прасоўваем гэта пытанне з Паўлам Латушкам, накіроўвалі ліст спецпрадстаўніку МЗС Польшчы Адаму Халацінскаму. Цяпер нам паабяцалі, што наш запыт будзе вырашацца на ўзроўні прэзідэнта Польшчы», — распавяла Ганна.
Таксама кіраўнічка шэлтара падзялілася, што з кастрычніка больш не супрацоўнічае з ByHelp, і плануе адкрываць уласны фонд, каб напрамую займацца справамі шэлтара.