БЕЛ Ł РУС

Ветэрана-афганца з Жылічаў асудзілі на 12 гадоў за палітыку, у тым ліку за здраду дзяржаве

10.10.2025 / 9:0

Nashaniva.com

У Афганістане Сяргею Цімашэнка служыў у элітнай дэсантна-штурмавой частцы. Цяпер ён за кратамі — падобна, што за падтрымку Украіны.

Сяргей Цімашэнка. Фота з ягонай старонкі ў Аднакласніках

Сяргею Цімашэнка 59 гадоў. Ён з Жылічаў, аграгарадка ў Кіраўскім раёне Магілёўскай вобласці, вядомага палацам Ігната Булгака. Адсюль быў родам і праваабаронца Алег Гулак, які памёр у 2022-м.

Сяргей Цімашэнка з 1986 па 1988 гады ваяваў у Афганістане. Ён служыў у 2‑й дэсантна-штурмавой заставе Керкінскай дэсантна-штурмавой манеўранай групы, кіраваў баявой групай.

Удзельнічаў у шматлікіх баявых аперацыях. За ўдзел у аперацыі «Млын» каля кішлака Бала-Бокан быў узнагароджаны ордэнам Чырвонай зоркі.

Сяргей Цімашэнка (з правага боку) разам з намеснікам кіраўніка ДШЗ Віктарам Палікам. Фота са старонкі Сяргея ў Аднакласніках

Апошні час мужчына займаўся вырабамі з дрэва — дошкамі і іншымі будаўнічымі матэрыяламі.

Сяргей Цімашэнка, мяркуючы па сацсетках, падтрымлівае Украіну ў вайне супраць Расіі. Падобна, што гэта і стала прычынай абвінавачанняў. Ён раптоўна знік з усіх сацсетак у канцы 2024 года, быў арыштаваны і змешчаны ў СІЗА.

Па звестках праваабаронцаў, Сяргея Цімашэнку асудзілі 10 верасня 2025 года па чатырох артыкулах — «удзел у пратэстах» (ч. 1 арт. 342 КК), «здрада дзяржаве» (арт. 356 КК), «удзел у экстрэмісцкім фарміраванні» (ч. 3 арт. 361‑1 КК) і «ўдзел у тэрарыстычнай арганізацыі» (ч. 2 арт. 290‑5 КК). Прысуд — 12 гадоў калоніі.

Чытайце таксама:

Былога афганца з Віцебска асудзілі да калоніі за «садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці»

Тлумачым, якім чынам сілавікі знаходзяць карыстальнікаў Telegram і як гэтага пазбегнуць

Пяць былых сілавікоў прасілі сваіх калег не быць залішне жорсткімі. Цяпер ім пагражаюць велізарныя тэрміны

Каментары да артыкула