Дзяўчыну-псіхолага з лагапедычнага цэнтра кінулі за краты за ўваходжанне ў склад нейкага «экстрэмісцкага фарміравання»
Дзіяне Міхайлінай пагражала да шасці гадоў калоніі.
Дзіяна Міхайліна. Фота з сайта цэнтра, дзе яна працавала
Дзіяне Міхайлінай 28 ці 29 гадоў — прынамсі так яна пазначыла ў сацсетках. Родам дзяўчына з Ліды. Пасля школы паступіла ў Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт на кафедру псіхалогіі факультэта філасофіі і сацыяльных навук, якую скончыла ў 2020 годзе.
Дзяўчына пісала дыплом пра тое, як працаваць з малодшымі школьнікамі з цяжкімі парушэннямі маўлення. А пасля выпуску працавала псіхолагам у адным з лагапедычных цэнтраў.
Дзіяна шмат чытае, любіць анімэ і коміксы. Таксама яна займаецца сучаснымі танцамі, хадзіла ў танцавальную студыю і ўдзельнічала ў конкурсах.
Дзіяна Міхайліна. Фота з яе інстаграма.
Дзяўчына не анлайн у сацсетках з лістапада 2024 года. Дакладная дата яе затрымання невядомая.
Дзіяну асудзілі ў 2025 годзе па ч. 3 арт. 361‑1 КК — «уваходжанне ў склад экстрэмісцкага фарміравання». Невядома, у чым сутнасць абвінавачанняў супраць Дзіяны — але ў Беларусі больш за 300 экстрэмісцкіх фарміраванняў, ад адукацыйных курсаў да гарадскога сада. Яна магла паўдзельнічаць у любым з гэтых праектаў.
Мяркуючы па тым, што Дзіяна нідзе не з'явілася анлайн, цяпер дзяўчына за кратамі. Ёй пагражала ад 2 да 6 гадоў калоніі.
Чытайце таксама:
21‑гадовую студэнтку іняза кінулі ў калонію за ўдзел ў школе лідарства
Распавядаем, як даказваюць удзел беларусаў у пратэстах і як зменшыць рызыку