Пастаўкі беларускага бензіну ў Расію чыгункай у верасні ўзраслі ў чатыры разы
Экспарт бензіну з Беларусі ў Расію па чыгунцы ў верасні вырас у чатыры разы ў параўнанні са жніўнем, паведамілі агенцтву Reuters прадстаўнікі галіны. Гэта адбылося на фоне намаганняў Масквы справіцца з дэфіцытам паліва, выкліканым украінскімі ўдарамі па яе энергетычнай інфраструктуры.
У шэрагу расійскіх рэгіёнаў апошнім часам увялі нормы продажу паліва і часова замарозілі цэны з-за недахопу найбольш запатрабаваных відаў бензіну. Дэфіцыт узнік у выніку атак украінскіх дронаў, якія мэтава білі па нафтаперапрацоўчых заводах і іншых энергетычных аб’ектах. Масква таксама ўвяла абмежаванні на экспарт бензіну і дызельнага паліва.
Паводле крыніц Reuters, пастаўкі бензіну па чыгунцы з беларускіх НПЗ на ўнутраны расійскі рынак у верасні выраслі да 49 000 тон (прыкладна 14 500 барэляў у дзень). Аб’ём паставак дызеля склаў 33 000 тон.
Адначасова транзіт бензіну з Беларусі праз расійскія парты для далейшага экспарту павялічыўся прыкладна на 1% — да 140 000 тон у месяц.
Беларусь выкарыстоўвае расійскія парты для перавалкі нафтапрадуктаў з сакавіка 2021 года паводле пагаднення аб супрацоўніцтве паміж Масквой і Мінскам.
Аднак за студзень—верасень такія перавалкі скараціліся амаль на 40%, да 1,17 мільёна тон, што звязана з памяншэннем аб’ёмаў перапрацоўкі нафты.
Два беларускія нафтаперапрацоўчыя заводы — наваполацкі «Нафтан» і Мазырскі НПЗ — маюць сумарную магутнасць каля 12 мільёнаў тон у год (прыкладна 240 000 барэляў у дзень), але фактычна перапрацоўваюць каля 9 мільёнаў тон у год (прыкладна 180 000 барэляў у дзень).
Чытайце таксама:
Адзін з найбольшых расійскіх НПЗ спыніў найбуйнейшую перапрацоўчую ўстаноўку
На закрытай нарадзе ў Лукашэнкі абмяркоўвалася пытанне вытворчасці паліва для Расіі
У Расіі плануюць істотна павялічыць імпарт беларускага бензіну
Праз атакі на расійскія НПЗ беларускі бензін вярнуўся на рынак РФ