Мемны гомельскі ваенкам рэзка змяніў імідж
Ваенны камісар Гомельскай вобласці Андрэй Крываносаў, вядомы як заўзяты прыхільнік Лукашэнкі, які перадаваў ад яго энергію праз поціскі рукі, прыкметна змяніўся. Пасля таго як палкоўніка прынялі ў Савет Рэспублікі, ён усё часцей выступае ў прэсе, на дзяржаўным ТБ, а прадстаўляць яго сталі не інакш як сенатарам, піша «Флагшток».
Крываносаў прымераў новы вобраз — ён перастаў паўсюдна з'яўляцца ў мундзіры і адпусціў валасы: цяпер замест армейскага «вожыка» ў яго пышная шавялюра. Палкоўнік апрануў касцюм і нават акуляры.
У новым амплуа ён удзельнічае ў ідэалагічных мерапрыемствах, сустрэчах і актыўна раздае каментарыі на тэму ўнутранай і знешняй палітыкі, нават міжнароднага становішча. Ваенкам пазіцыянуе сябе як эксперта і сыпле разумнымі словамі, хоць яны і ні пра што.
Агульнымі фразамі і прапіснымі ісцінамі ён тлумачыць усё навокал. Нядаўна Крываносаў так спрабаваў пераканаць у «асаблівай значнасці беларуска-аманскага партнёрства»: «Калі аналізаваць не толькі падпісаныя дакументы, але і тэматыку перамоў кіраўніка дзяржавы з султанам Амана, становіцца відавочна, што перад намі мадэль узаемадзеяння, дзе кожны з бакоў вырашае свае стратэгічныя задачы».
А напярэдадні ён «аналізаваў» прыезд Лукашэнкі ў Гомельскую вобласць і сцвярджаў, што «сіла дзяржавы — у беражлівых адносінах да таго, што дадзена прыродай і створана чалавекам».