БЕЛ Ł РУС

«Падумаў, што недзе побач мядзведзь». Нобелеўскаму лаўрэату ў лічбавым дэтоксе ўсё ж паведамілі пра ўзнагароду

7.10.2025 / 23:18

Nashaniva.com

Нобелеўскі камітэт нарэшце змог звязацца з амерыканскім навукоўцам Фрэдам Рамсдэлам, які стаў сёлетнім лаўрэатам прэміі ў галіне фізіялогіі і медыцыны, піша The Guardian. Да гэтага з ім доўга не маглі скантактавацца, бо Рамсдэл разам з жонкай быў у паходзе па гарах ЗША і праводзіў «лічбавы дэтокс» — без тэлефона і інтэрнэту.

Фрэд Рамсдэл у гарах

Жонка навукоўца, Лора О’Ніл, выпадкова ўбачыла на тэлефоне шмат віншавальных паведамленняў — так пара даведалася пра ўзнагароду. Як паведаміў прадстаўнік камітэта Томас Перлман, муж і жонка тры тыдні падарожнічалі па горных хрыбтах Айдаха, Ваёмінга і Мантаны, начавалі ў намётах і атрымалі навіну, калі ехалі ў гатэль ды спыніліся, каб адрамантаваць машыну.

Калі Лора раптам уключыла тэлефон і закрычала ад нечаканасці, Фрэд падумаў, што недзе побач мядзведзь, бо яны былі ў мясцовасці, дзе жывуць грызлі. Але крык быў ад радасці — ён атрымаў Нобелеўскую прэмію. Паводле сведак, навуковец быў вельмі здзіўлены і шчаслівы, бо не чакаў такога прызнання.

Раней, 6 кастрычніка, стала вядома, што Фрэд Рамсдэл разам з амерыканкай Мэры Бранкоу і японцам Шыманам Сакагучы падзялілі Нобелеўскую прэмію за даследаванні, якія тлумачаць, як працуе імунная сістэма і чаму не ўсе людзі пакутуюць ад цяжкіх аўтаімунных захворванняў.

Чытайце таксама:

«Жыве найлепшым жыццём»: нобелеўскаму лаўрэату не могуць паведаміць пра ўзнагароду, бо ў яго лічбавы дэтокс

Названыя першыя нобелеўскія лаўрэаты

Названыя нобелеўскія лаўрэаты па фізіцы

Каментары да артыкула