БЕЛ Ł РУС

Былога афганскага вайскоўца так моцна пабілі ў Беларусі, што яму давялося ампутаваць руку

7.10.2025 / 18:14

Nashaniva.com

Былы супрацоўнік Міністэрства абароны Афганістана Джыхад Махамед Гуль Наваі пасля прыходу талібаў да ўлады спрабаваў трапіць у Еўропу праз Беларусь. Паводле інфармацыі афганскіх СМІ ў выгнанні, яго затрымалі беларускія сілавікі і моцна пабілі, піша Reform.news.

Фота: 8am.media

Мясцовыя крыніцы ў правінцыі Хос паведамляюць, што Наваі затрымалі на мяжы і катавалі. Цяпер ён знаходзіцца ў бальніцы пад наглядам міліцыі. У выніку моцных пашкоджанняў ягоная рука стала чорнай і была ампутаваная.

Тэлевізійны канал Afghanistan International паведамляе, што Джыхаду 33 гады, ён жанаты і мае дзвюх дачок. Паводле Radio Hurriyet, афганская дэлегацыя наведала Наваі ў бальніцы каля трох тыдняў таму і забяспечыла яго неабходным лячэннем.

Джыхад Махамед Гуль Наваі ў бальніцы. Фота: x.com/TanhaJan897787

Дэлегацыя талібаў была ў Беларусі ў канцы жніўня для ацэнкі ўмоў утрымання афганскіх вязняў і магчымасцяў іх вяртання ў Афганістан. Афганскія дыпламаты ў Расіі аплацілі лячэнне Наваі ў бальніцы. Сам экс-афіцэр адзначыў, што шукаў прытулку і заявіў: «Я не быў ваеннапалонным, я шукаў прытулак, але яны зламалі маё жыццё».

Паводле інфармацыі тэлевізійнага канала, пасольства ў Маскве атрымала заданне як мага хутчэй вярнуць Наваі ў Афганістан. Некаторыя крыніцы адзначаюць, што ампутацыя рукі магла быць звязаная не толькі з катаваннямі, але і з хваробай.

Чытайце таксама:

Талібы прыехалі ў Беларусь, каб праверыць, як тут утрымліваюць афганцаў у турмах

Афганістан зазывае ў краіну замежных турыстаў ролікам, у якім абыгрываецца выкраданне людзей

Талібы цалкам адключылі Афганістан ад інтэрнэту

«Талібан» адхіліў патрабаванне Трампа вярнуць авіябазу Баграм

Каментары да артыкула