«Жыве найлепшым жыццём»: нобелеўскаму лаўрэату не могуць паведаміць пра ўзнагароду, бо ў яго лічбавы дэтокс
Фрэд Рамсдэл апынуўся сярод узнагароджаных Нобелеўскай прэміяй па медыцыне 2025 года, але, імаверна, пра гэта не ведае, бо знаходзіцца недзе ў Айдаха па-за зонай доступу.
Фота: Atila Altuntas / Anadolu via Getty Images
Нобелеўскі камітэт не змог звязацца з адным з лаўрэатаў сёлетняй прэміі па медыцыне, піша The Guardian.
Фрэд Рамсдэл падзяліў прэстыжную прэмію, абвешчаную ў панядзелак, з Мэры Бранкоу і Шыманам Сакагучы за іх адкрыцці, звязаныя з функцыянаваннем імуннай сістэмы.
Аднак лічбавы дэтокс лаўрэата азначае, што Нобелеўскі камітэт не змог звязацца з ім і паведаміць навіну.
Джэфры Блюстоун, сябар Рамсдэла і сузаснавальнік навуковай лабараторыі, сказаў, што даследчык заслугоўвае прызнання, але і ён сам не можа да яго дазваніцца.
«Я сам спрабаваў з ім звязацца. Думаю, ён, магчыма, падарожнічае з заплечнікам па глушы ў Айдаха», — паведаміў Блюстоўн AFP.
Усе трое атрымалі прэмію за даследаванне, што датычыцца «перыферычнай імуннай талерантнасці», якая прадухіляе нанясенне шкоды арганізму з боку імуннай сістэмы, і прывяла да новай галіны даследаванняў, а таксама да распрацоўкі патэнцыйных метадаў лячэння, якія цяпер ацэньваюцца ў клінічных выпрабаваннях.
У 2020 годзе Нобелеўскі камітэт меў падобныя цяжкасці з лаўрэатам прэміі па эканоміцы.
Калі тэлефон Боба Уілсана зазваніў у Стэнфардзе пасярод ночы, той яго адключыў, таму камітэту давялося тэлефанаваць яго жонцы.
Калі камітэт не змог звязацца і з яго калегам-лаўрэатам Полам Мілграмам, Уілсану давялося самому ісці і будзіць яго. Кадры з камеры відэаназірання Мілграма зафіксавалі момант, калі яму паведамілі пра атрыманне Нобелеўскай прэміі, на што ён адказаў: «Сапраўды? Вось дык так».