БЕЛ Ł РУС

«Абурае не тое, што Меркель хацела дамаўляцца з Пуціным у 2021-м, а тое, што ў 2025‑м не хоча прызнаць: дамаўляцца з ім не было пра што»

7.10.2025 / 9:24

Nashaniva.com

Пуцін паважае толькі сілу, ён і ягонае атачэнне пляваць хацелі на дыпламатыю, вайна была б па-любому. Чаму гэта не прызнае Меркель? Добра, калі гэта толькі з-за самалюбства, а не з-за нейкіх інтарэсаў, піша ў фэйсбуку гісторык Аляксандр Пашкевіч. 

Уладзімір Пуцін (справа) і Ангела Меркель на адкрыцці Парыжскага форуму міру, 11 лістапада 2018 года, Парыж. Фота: Artur Widak / NurPhoto via Getty Images

У інтэрв'ю Меркель абурае нават не тое, што яна хацела дамаўляцца з Пуціным у 2021 годзе, а тое, што нават у 2025-м, пасля таго, што адбылося за апошнія хутка ўжо 4 гады, яна не хоча прызнаць, што дамаўляцца з гэтым чалавекам не было пра што абсалютна — ён прызнае і паважае толькі сілу.

Прынцыповае рашэнне прынамсі адносна захопу Украіны і Малдовы ім тады ўжо было прынята, і нішто б яго не спыніла.

І якраз Польшча ды краіны Балтыі мелі рацыю, калі гэта і тады ўжо разумелі і іншым тлумачылі. А не тыя, хто насіўся ці носіцца з Пуціным як з пісанай торбай, думаючы, што яго можна спакусіць нейкімі эканамічнымі плюшкамі і тым пазбегнуць вайны не на год-два, а назаўсёды.

Меркель шкадуе, што вось кавід перашкаджаў з Пуціным сустрэцца асабіста і з вока на вока ўсё перацерці — таму і вайна разгарэлася. А так бы, маўляў, сустрэліся і дасягнулі кампрамісу.

Ну вось няўжо дагэтуль не зразумела, што адзіны «кампраміс», які тады задаволіў бы Пуціна — толькі калі б Захад здаў яму Украіну без бою? Што Пуцін і ягонае атачэнне пляваць хацелі на дыпламатыю? І што вайна была б па-любому — калі не ў 2022-м, то ў 2023-м, 2024‑м ці 2025-м, але была б. Проста таму, што Пуцін да яе свядома і мэтанакіравана рыхтаваўся, а саступкі пасля задушэўных размоў яго не спынялі б, а якраз натхнялі б. Проста задачы ваенныя мяняліся б, удары перанакіроўваліся б на іншыя цэлі, на іншыя краіны — толькі і ўсяго.

Я не думаю, што Меркель насамрэч проста недалёкая дурніца — каб яна такой была, то не кіравала б Германіяй аж 16 гадоў. Усё яна, канешне, добра разумее.

Вось толькі прызнаваць свае памылкі не хоча, на іншых адказнасць перакладае. І добра, калі гэта толькі з-за самалюбства, а не з-за незакрытых інтарэсаў.

Чытайце таксама:

Меркель заявіла, што ў агрэсіі Пуціна часткова вінаватыя Польшча і краіны Балтыі

Сікорскі пра інтэрв'ю Меркель: Канцлерка забылася, чым займаўся яе ўрад

Каментары да артыкула