БЕЛ Ł РУС

Меркель заявіла, што ў агрэсіі Пуціна часткова вінаватыя Польшча і краіны Балтыі

6.10.2025 / 18:49

Nashaniva.com

Былая канцлерка Германіі Ангела Меркель заявіла, што ў 2021 годзе Польшча і краіны Балтыі выступілі супраць прамых перамоў з Расіяй, а пандэмія Covid-19 пагоршыла сітуацыю з Украінай з-за адсутнасці непасрэдных кантактаў. Пра гэта яна заявіла падчас візіту ў Венгрыю ў інтэрв'ю мясцоваму інтэрнэт-выданню Partizán, піша Euronews.

Ангела Меркель. Фота: Annegret Hilse, Pool Photo via AP

Па словах Меркель, пазіцыя Польшчы і краін Балтыі была выкліканая асцярогамі, што ЕС не зможа выпрацаваць адзіную палітыку ў дачыненні да Расіі.

З гэтага былая канцлерка зрабіла выснову, што збліжэнне з Расіяй правалілася, а значыць, краіны з усходу Еўрасаюза ў нейкай ступені часткова вінаватыя ў расійскай вайсковай агрэсіі супраць Украіны.

Меркель заявіла, што прапанавала новы фармат дыялогу ў 2021 годзе, які нібыта стабілізаваў бы адносіны з прэзідэнтам Уладзімірам Пуціным. Яна адзначыла, што Мінскае пагадненне 2015 года было «далёкім ад дасканаласці», і яго выкананне расійскім бокам не было гарантаванае. Аднак яно «супакоіла» і без таго напружаную сітуацыю на некалькі гадоў і дало Украіне час.

«Украіна стала іншай краінай і змагла лепш абараніць сябе», — патлумачыла Меркель.

Паколькі наступная спроба дыялогу ў 2021 годзе правалілася, сітуацыя магла б абвастрыцца.

«Пасля я пакінула пасаду, і пачалася пуцінская агрэсія», — сказала Меркель.

Яна таксама патлумачыла, што немагчыма дакладна сказаць, што менавіта прывяло да пачатку вайны. На думку былой канцлеркі, пандэмія каранавіруса ўскладніла падтрыманне дыпламатычных адносін: напрыклад, асабістую сустрэчу Пуціна і Меркель прыйшлося адмяніць. Гэта спрыяла ўзмацненню адчужэння паміж Расіяй і Захадам.

«Калі вы не можаце сустрэцца, калі вы не можаце абмеркаваць адрозненні ў поглядах тварам да твару, то вы не зможаце знайсці новыя кампрамісы, — сказала Меркель. — Тыя ж вынікі не маглі быць дасягнуты з дапамогай відэаканферэнцый».

«Часы змяніліся, і цяпер мы павінны зразумець, як можам зрабіць сябе здольнымі да міру, дзейнічаючы ў якасці рэальнага стрымліваючага фактару і адначасова падтрымліваючы Украіну», — сказала Меркель.

Меркель таксама сустрэлася з прэм'ер-міністрам Віктарам Орбанам. У інтэрв'ю яна заявіла, што не лічыць Орбана «траянскім канём» у ЕС, проста, на яе думку, ён адстойвае эканамічныя інтарэсы сваёй краіны.

Чытайце таксама:

«Выстаўляючы прэтэнзіі да Трампа, я б параіў еўрапейцам азірнуцца назад, у люты 2015 года»

Меркель: Трамп зачараваны пуцінскай Расіяй

Ангела Меркель заявіла, што Расія «не павінна выйграць вайну»

Калі ў Заходняй Еўропе не крызіс, то што такое крызіс?

Ангела Меркель: Я добра ведала намеры Пуціна і ведала, што ён вораг Еўропы

Вось што Меркель напісала пра Трампа ў сваіх мемуарах

Каментары да артыкула