БЕЛ Ł РУС

«Мяне сустрэлі ў штыкі. Казалі: а дзе нашы дактары?» Як у мінскай паліклініцы працуюць дактары з Ірака і Туркменістана

5.10.2025 / 16:6

Nashaniva.com

У 21‑й паліклініцы Мінска працуюць тры медыкі-замежнікі. Яны расказалі, як трапілі ў Беларусь і як іх прымаюць пацыенты.

Фота: sb.by

Хірург Амар Матар прыехаў з Багдада (Ірак). Праз вайну ў рэгіёне яго сям'я некалькі разоў пераязджала, піша sb.by.

«Мне было 9 гадоў, калі ў Іраку пачалася вайна. Мы з сям'ёй сабралі рэчы і з'ехалі ў Сірыю, дзе я скончыў школу і паступіў у медуніверсітэт. Але вайна, якая пачалася ўжо там, прымусіла вярнуцца ў Ірак. З-за розніцы ў адукацыйных сістэмах прадоўжыць вучобу па медыцынскім профілі не атрымалася. Каб не губляць час, я паступіў у тэхналагічны ўніверсітэт на інжынера. Але гэта было не маё».

Пасля сябар запрасіў яго ў Мінск, дзе вучыўся ў медуніверсітэце. Праз два месяцы прыйшло афіцыйнае запрашэнне, і Амар у 2013‑м прыляцеў у Беларусь. Спачатку на падрыхтоўчым аддзяленні ў БДМУ год вучыў рускую, а потым паступіў на лячэбны факультэт. 

З 2022 года Амар пачаў працаваць хірургам. Спачатку ў 11‑й паліклініцы, затым у 21-й. І, як сам прызнаецца, мова стала асобным выпрабаваннем.

«Вы чуеце мой акцэнт, у мяне далёка не ідэальная руская, — прызнае медык. — Часам пацыенты адно аднаму кажуць: «Ідзіце да гэтага хірурга. У яго руская не вельмі, але ён добры доктар». З аднаго боку, прыемна, з другога — стымул удасканальвацца. Бывае, чалавек не разумее, і я бачу гэта. Тады шукаю словы, пакуль не стане ясна. Калі пацыент кажа: «Доктар, я зразумеў вас, нягледзячы на акцэнт», — я выдыхаю».

Зараз хірург рыхтуецца атрымаць катэгорыі, пасля чаго зможа сумяшчаць працу ў паліклініцы і бальніцы.

«На дадзены момант пасля працы я стажыруюся ў 5‑й бальніцы. Раней паралельна з занятасцю ў паліклініцы працаваў у 10‑й бальніцы ў аддзяленні гнойнай хірургіі, а яшчэ праходзіў клінічную ардынатуру ў Гарадской клінічнай бальніцы хуткай медыцынскай дапамогі ў аддзяленні спалучанай траўмы, куды паступаюць пацыенты пасля ДТЗ, падзенняў з вышыні і гэтак далей. Там адрэналін у добрым сэнсе слова».

Хірург Алі Айдагдыеў — з Туркменістана. Алі вучыўся ў Гродзенскім медыцынскім універсітэце. Там жа пазнаёміўся са сваёй будучай жонкай. І, дарэчы, менавіта дзякуючы ёй апынуўся ў сталіцы.

«Жонка паступіла ў інтэрнатуру ў Мінск, зараз працуе ў 17‑й паліклініцы. У мяне ж за плячыма амаль тры гады ардынатуры ў Гродзенскай гарадской клінічнай бальніцы хуткай медыцынскай дапамогі. Яшчэ некаторы час я працаваў у Турцыі памочнікам доктара ў неадкладнай дапамозе і фармацэўтам у аптэцы».

У лістападзе будзе роўна год, як Алі — хірург у 21‑й паліклініцы. Паводле яго назіранняў, у Беларусі замежныя дактары ўжо сталі звыклай з'явай:

«Цяпер у мінскіх паліклініках і бальніцах шмат нашых суайчыннікаў. Калі мы вучыліся ў 2017—2018 гадах і хацелі падпрацоўваць сярэднім медперсаналам, нас бралі неахвотна. Але цяпер сітуацыя змянілася. Пры гэтым, вядома, глядзяць, наколькі ты ведаеш рускую мову. Хоць у школах Туркменістана і выкладаюць яе як другую мову, далёка не ўсе ёй валодаюць добра».

Доктар агульнай практыкі Махры Аналыева прыехала ў Беларусь дзесяць гадоў таму з маленькага туркменскага горада Серхетабад, што на мяжы з Афганістанам:

«У мяне быў прыклад: старэйшыя браты паступілі ў БДМУ і засталіся працаваць у Беларусі. Я таксама вырашыла паспрабаваць. Адвучылася, а ў 2022 годзе ўладкавалася ў 21‑ю паліклініку».

Але першыя месяцы працы былі сапраўдным выпрабаваннем.

«Людзі на ўчастку сустрэлі мяне ў штыкі, — прызнаецца дзяўчына. — Казалі: «А дзе нашы дактары? Чаму на ўчастку іншаземка?» У мяне руская вельмі добрая, практычна як родная, але знешнасць выдавала ўва мне «чужую». Часам я прыязджала на выклік, а пацыент, убачыўшы мяне, казаў: «Не можа быць доктар іншаземцам. Паклічце нашых». І нават не адчыняў дзверы. Я шмат плакала з-за гэтага. Але загадчыца сказала: «Трэба перажыць. Людзі прызвычаяцца». І сапраўды, з часам усё змянілася. Пацыенты сталі давяраць».

Махры плануе і далей развівацца ў медыцынскай сферы — хоча стаць кардыярэаніматолагам. 

Намесніца галоўнага доктара па медыцынскай частцы 21‑й цэнтральнай раённай паліклінікі Заводскага раёна Мінска Валянціна Плотнікава кажа, што скаргаў на дактароў-замежнікаў не паступала. Усе яны добра размаўляюць па-руску.

«Калі спецыяліст не спраўляецца з мовай, то ўладкавацца яму складана: моўны бар'ер перашкаджае лячэнню. З-за гэтага большасць выпускнікоў медыцынскіх ВНУ з-за мяжы вяртаюцца дадому пасля інтэрнатуры. Застаюцца толькі тыя, хто плануе прадоўжыць навучанне і атрымаць больш вузкую спецыяльнасць».

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула