БЕЛ Ł РУС

У мужчын таксама бывае клімакс: калі ён надыходзіць і чым адрозніваецца ад жаночага

5.10.2025 / 11:10

Nashaniva.com

Большасць з нас чулі пра жаночы клімакс, але мала хто ведае, што з узростам гарманальныя змены адбываюцца і ў мужчын. Гэты стан называецца андрапаўза, і яна можа пачацца не толькі пасля 50, але нават у 35—40 гадоў, распавяла «Смартпрэсу» доктар-эндакрынолаг і дыетолаг Таццяна Мусік.

Фота: vecteezy.com

Калі можа пачацца мужчынскі клімакс

Звычайна андрапаўза развіваецца ў 45—50 гадоў, калі натуральна зніжаецца ўзровень тэстастэрону — галоўнага мужчынскага гармону. У выніку пагаршаецца патэнцыя, зніжаецца лібіда, узнікаюць праблемы са сном і настроем.

Аднак пры залішняй вазе клімакс можа наступіць раней — нават да 45 гадоў.

«Тлушчавая тканка «ператварае» тэстастэрон у жаночыя гармоны — эстрагены. Калі акружнасць таліі перавышае 90 см, гэта ўжо сігнал, што ўзровень тэстастэрону, хутчэй за ўсё, паніжаны», — тлумачыць доктар.

Печань і стрэс таксама ўплываюць

Пры хранічных захворваннях печані, асабліва пры тлушчавым гепатозе, парушаецца гарманальны абмен. Печань удзельнічае ў метабалізме тэстастэрону і эстрагенаў. Гэта таксама можа прывесці да дысбалансу.

Не менш небяспечныя пастаянны стрэс і недасып.

«Высокі ўзровень карцізолу (гармону стрэсу) прыгнятае сістэму «гіпаталамус—гіпофіз—яечкі», якая адказвае за выпрацоўку тэстастэрону. А недасып парушае выдзяленне мелатаніну і натуральны рытм сну, што таксама зніжае ўзровень мужчынскага гармону», — удакладняе спецыяліст.

Як распазнаць мужчынскі клімакс

Сімптомы андрапаўзы з’яўляюцца паступова і могуць уключаць:

зніжэнне патэнцыі і лібіда;

хуткую стамляльнасць, апатыю, перапады настрою;

парушэнні сну, прылівы жару, павышаную патлівасць;

болі ў вобласці сэрца, тахікардыю пры нармальнай ЭКГ;

сухасць скуры, пігментныя плямы, выпадзенне валасоў;

зніжэнне мышачнай масы і назапашванне тлушчу, асабліва ў вобласці жывата і грудзей.

У адрозненне ад жаночага клімаксу, калі ўзровень эстрагенаў рэзка падае за 1—2 гады, у мужчын тэстастэрон змяншаецца паступова — прыкладна на 1—2% за год пасля 30 гадоў. Таму многія не заўважаюць пачатку змен.

Што рабіць

Калі ёсць падазрэнне на гарманальныя змены, варта звярнуцца да андролага або эндакрынолага. Доктар можа прызначыць:

агульны і біяхімічны аналіз крыві;

аналіз на прастат-спецыфічны антыген;

вызначэнне ўзроўню тэстастэрону, ЛГ, ФСГ і звязанага з імі глабуліну. 

Таксама варта зрабіць электракардыяграму, трансрэктальнае даследаванне прастаты і УГД машонкі. На падставе гэтых аналізаў і абследаванняў можна будзе паставіць правільны дыягназ.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула