БЕЛ Ł РУС

«Мяне часам заносіць у ідэях». Мінчукі купілі ўчастак на беразе Вячы і пабудавалі дом сваёй мары

4.10.2025 / 18:10

Nashaniva.com

Катэджны пасёлак «Вадалей-2010» не падобны да звычайнага садовага таварыства. Кошт «квадрата» тут немаленькі: за ўчастак з домам просяць у сярэднім не менш за $200 тысяч па курсе. Бонусам да жылля ідзе закрытая тэрыторыя, наяўнасць камунікацый, блізкасць да Вячы і лесу, а таксама шырокія дарогі і праезды. Мінчукі Дзмітрый і Наталля сталі шчаслівымі ўладальнікамі неабжытых 10 сотак пару гадоў таму. Муж і жонка вырашылі не адкладаць будаўніцтва дома надоўга: самі прыдумалі праект і ўвасобілі яго ў жыццё літаральна за год, піша «Анлайнер».

$33,5 тысячы па курсе за голы ўчастак у закрытым СТ

Дзмітрый і Наталля даўно марылі пра загарадны дом. Абодва працуюць у будаўнічай сферы, таму перш чым увязацца ў гэтую авантуру, добра прадумалі кожны крок.

«Для нас будоўля — як хобі, тое, што прыносіць задавальненне ў працэсе. Раней мы шмат падарожнічалі і звярталі ўвагу на архітэктуру, адзначалі асаблівасці, а нейкія ідэі бралі на заметку.

Перш чым узяцца за будаўніцтва дома, мы перагледзелі мноства праектаў, але ў кожным знаходзілі нейкія нюансы. У выніку я асвоіў праграму SketchUp і намаляваў спачатку адзін дом, потым другі… Цяпер там цэлая вёска, — смяецца Дзмітрый.

 

Увасобіць задуманы праект у рэальнасць муж і жонка вырашылі ў 2023 годзе. Кажуць, агулам ішлі да гэтага дзесяць гадоў. Пры выбары ўчастка спыніліся на садовым таварыстве «Вадалей-2010», якое знаходзіцца за 15 хвілін язды ад сталіцы ў Мядзельскім кірунку. Кавалак зямлі памерам у 10 сотак дастаўся мінчукам за $33,5 тысячы па курсе.

«Участак шукалі доўга, — працягвае Дзмітрый. — Спачатку нават не глядзелі ў бок садовых таварыстваў, але цяпер, праз пэўны час, зразумелі, што плюсаў у іх значна больш. Любое пытанне або праблема вырашаюцца тут даволі хутка: уладальнікі дамоў (а іх тут каля 300) зацікаўленыя ў тым, каб паляпшаць якасць жыцця. Дарэчы, многія жывуць тут круглы год».

Перш чым уцягнуцца ў будоўлю, муж і жонка таксама планавалі змяніць у будучыні пастаянную прапіску на прыгарад Мінска: распланавалі бюджэт, на матэрыялах не эканомілі.

«За працу ўзяліся ў разгар лета 2023 года. Да зімы ўсё ўжо было гатова да ўнутранага аздаблення: уцепленая каробка стаяла, камунікацыі былі ўведзеныя. Сам участак быў пад ухілам, таму мы загадзя прадумалі ландшафт: месцамі насыпалі грунту і выдзелілі лаўнж-зону з кастравай часткай, схаванай ад старонніх вачэй.

Ад плота, як і ад закрытага гаража, адмовіліся адразу: нам няма ад каго хавацца, тым больш што тэрыторыя таварыства абгароджаная, а на ўездзе стаіць шлагбаўм. У цэлым у гэтым праекце рэалізавана шмат унікальных рашэнняў, якімі я нават ганаруся», — усміхаецца суразмоўца.

Дом з нестандартнымі рашэннямі

Дом вырашылі будаваць капітальны: з маналітным падмуркам і блокавымі сценамі. На ўсё пайшло крыху больш за год. Будынак мае плошчу ў 165 квадратных метраў і складаецца з трох апорных сцен, абабітых тоўстым пластом уцяпляльніка.

На думку Дзмітрыя, сёння гэта самае практычнае і надзейнае рашэнне пры будаўніцтве жылля. У гатовым да жыцця доме ёсць цэнтральны вадаправод, мясцовая каналізацыя і электрычнасць з трохфазным падключэннем магутнасцю 21 кВт. Ацяпленне газавае.

У доме два паверхі. Першы аддалі пад гасцёўню, зону кухні і майстар-спальню. Тут жа ёсць выхад на тэрасу. На другім узроўні размясцілі дзіцячыя пакоі і арыгінальны гульнявы куток, трапіць у які можа далёка не кожны дарослы.

«Я вялікі фанат паркета, але афармляць ім падлогу ў загарадным доме — ідэя рызыкоўная, асабліва калі ёсць дзеці, — мяркуе мінчук. — Ён хутка зношваецца і не заўсёды падлягае рамонту. Ад пліткі мы з жонкай таксама адмовіліся: зрабілі выбар на карысць наліўной падлогі і не можам нарадавацца па сённяшні дзень. Так, яна абышлася нятанна, але гэта таго варта: глядзіцца класна, а па характарыстыках цалкам можа канкураваць з цёплай падлогай.

Другое наша ўдалае рашэнне — памаляваць сцены ў гасцінай нямецкай фарбай «Рэмерс». Яе лёгка адмыць ад любога забруджвання, уключаючы фламастары. Усяго на сцены пайшло 140 літраў».

 

 

Дзмітрый гаворыць, што да любой справы падыходзіць творча. Напрыклад, многія інтэр'ерныя рашэнні і нават мэблю прыдумаў і зрабіў ён сам.

«Мяне часам заносіць у ідэях, жонка прытарможвае, — усміхаецца мужчына. — Я напрыдумляю, а яна цвярозым поглядам ацэньвае, ці мае мая фантазія права на жыццё. Адна з такіх задумак — арыгінальная дзіцячая зона на другім паверсе, трапіць у якую высокаму госцю няпроста».

Паверх пад дахам цалкам аддадзены дзецям: у адным пакоі (на 30 квадратных метраў) атабарыліся двое сыноў Дзмітрыя і Наталлі, у другім — дачка. Аддзеленая ад дарослага свету прастора знаходзіцца тут жа, за два крокі ад дзіцячых пакояў. Трапіць туды можна, калі добранька прыгнуць галаву: гаспадары тут малыя, таму гуляць прыйдзецца па іх правілах.

Утрыманне дома, па словах суразмоўцы, абыходзіцца прыкладна ў 200 рублёў у месяц у залежнасці ад сезону.

«Гэты дом ідэальны для сям'і, якая хоча перабрацца за кальцавую. Мы пажылі ў ім каля паўгода і зразумелі, што праз дзяцей моцна прывязаныя да Мінска. Нягледзячы на блізкасць садовага таварыства да горада, ездзіць у сталіцу па некалькі разоў на дзень нязручна.

Вырашылі купіць у крэдыт кватэру ў «Новай Баравой«: убачылі на другасным рынку гатовую чатырохпакаёўку без аздаблення ў адным з дамоў квартала «Цэнтральны парк» і літаральна закахаліся ў яе. У агульным ліку з тэрасай яна займае плошчу ў 130 квадратных метраў. Вырашылі прадаць дом, каб хутчэй скончыць рамонт у кватэры.

Магчыма, у будучыні рызыкнём пабудаваць яшчэ адзін дом, а пакуль плануем перадаць сваё ўтульнае гняздо ў нечыя клапатлівыя рукі», — падсумаваў Дзмітрый.

 

 

Сям'я гатовая аддаць гатовы да жыцця катэдж за $279 тысяч па курсе.

Чытайце таксама:

У Мінску здаюць жыллё разам з бабуляй. Абвестка выклікала гарачую дыскусію

«За ноч мы страцілі ўсё». Трагедыя знішчыла 17 гадоў працы фермераў — згарэлі каровы з цялятамі

Насельніцтва Мінска не расце, але паглядзіце, як прыбавілася колькасць жыхароў у Новай Баравой і іншым прыгарадзе

Каментары да артыкула