БЕЛ Ł РУС

У ЕГУ вярнулі студэнтку, якая паўстала супраць харасменту. Але прымусілі заплаціць 1300 еўра

3.10.2025 / 16:43

Nashaniva.com

Два гады таму з ЕГУ адлічылі Таццяну Барысаву, якая публічна расказала пра харасмент з боку выкладчыка Сяргея Сялецкага. Цяпер віленскі суд адмяніў тое рашэнне — але ў выніку Таццяна ўсё адно аказалася вінная ўніверсітэту.

Фота: bort.21 / Instagram

Восенню 2023‑га ў Вільні выбухнуў скандал. Мастака і выкладчыка ЕГУ Сяргея Сялецкага, абвінавацілі ў неэтычных паводзінах у бок студэнтак і праз некалькі месяцаў разбіральніцтва звольнілі.

Таццяна Барысава была адной з тых студэнтак, хто скардзіўся на Сялецкага. У адрозненне ад шматлікіх іншых дзяўчат яна выказвалася публічна.

Таццяна расказвала, што Сялецкі зневажаў яе за нацыянальнасць і фінансавае становішча (дзяўчына родам з Расіі і на той час адна выхоўвала маленькага сына), распаўсюджваў пра яе чуткі. Пасля яе інтэрв'ю Сялецкі падаў на Таццяну скаргу ва ўніверсітэцкую камісію па этыцы, дзяўчына адказала адкрытым лістом да ўніверсітэцкай супольнасці. Далей скаргу на яе падаў сам рэктар, і ў снежні 2023‑га Таццяну адлічылі.

Цяпер дзяўчына паведаміла ў інстаграме, што віленскі суд адмяніў тое рашэнне. Але не без нюансаў, піша Таццяна:

«Гэта былі два гады ў стрэсе і дэпрэсіі, і наперадзе яшчэ два гады без адукацыі па віне ЕГУ. Два страчаныя гады жыцця, за якія вінаваты не панёс ніякай адказнасці.

Нягледзячы на прызнанне загаду аб адлічэнні незаконным, частка іску аб кампенсацыі шкоды не была задаволеная, таму я часткова пакрываю выдаткі ЕГУ — 1300 еўра. Што ж, для некаторых рэчаў патрэбна больш здольнасцяў у складанні юрыдычных тэкстаў, чым маю я».

Цікава, што ў мінулым годзе віленскі суд загадаў аднавіць Сяргея Сялецкага на працы ў ЕГУ. Прычына была фактычна тая самая, што ў Барысавай — што загад аб яго звальненні быў няправільным.

Цяпер студэнтка і выкладчык зноў могуць сустрэцца ва ўніверсітэце.

Чытайце таксама:

«Прыніжаў разумовыя здольнасці студэнтак». Чаму ў Вільні са скандалам адмянілі выставу беларускага мастака

Абвінавачаны ў харасменце выкладчык ЕГУ Сялецкі выйграў суд ва ўніверсітэта

Прызначаны новы рэктар ЕГУ — ізноў не беларус

Каментары да артыкула