БЕЛ Ł РУС

Міліцыя схавала галоўнае — магілёўскі маньяк-ліфцёр ужо сядзеў за згвалтаванне. Але яго не праверылі на датычнасць да забойстваў

2.10.2025 / 22:39

Nashaniva.com

Магілёвец Юрый Дзям’янаў спыніўся ў сваіх злачынствах, бо трапіў на хімію.

Сілавікі паведамілі, што нарэшце знайшлі магілёўскага серыйнага забойцу, які з 1996 па 1999 год згвалтаваў і забіў мінімум восем дзяўчат у Магілёве, Оршы, Жодзіне, Віцебску.

Чаму ж маньяк спыніўся?

«У 1999 годзе падазраваны трапляў у поле зроку праваахоўных органаў і праз гэта спалохаўся. У далейшым ён жыў у сваім прыватным доме, працаваў на прадпрыемстве, дзе ў яго не было ніякіх канфліктаў», — распавёў начальнік Галоўнага ўпраўлення крымінальнага вышуку крымінальнай міліцыі МУС Аляксандр Капішаў.

Але міліцэйскія начальнікі не дагаворваюць. Маньяк-ліфцёр — а з дапамогай «Белпола» «Наша Ніва» даведалася, што гэта 53‑гадовы магілёвец Юрый Дзям’янаў — не проста «трапляў у поле зроку сілавікоў». У 2001 годзе ён нават атрымаў тэрмін за спробу згвалтавання — але толькі за адзін выпадак. Выглядае, што на датычнасць да забойстваў і іншых згвалтаванняў яго проста не праверылі.

Юрый Віктаравіч Дзям’янаў. Фота: BelPol

У маі 1997 года Дзям’янаў спрабаваў згвалтаваць грамадзянку М. К. каля магілёўскага Палаца піянераў, пагражаючы ёй нажом. У 2001 годзе пачаўся суд над ім, у выніку якога мужчына атрымаў хімію з накіраваннем амаль на чатыры гады. У 2003 годзе Дзям'янаў выйшаў на свабоду па амністыі.

На сёння даказана восем забойстваў, два замахі на забойства і згвалтаванні, здзейсненыя Дзям’янавым. На следчых допытах і эксперыментах ён безэмацыйна і будзённа расказвае: «Згвалтаваў труп, бо якая розніца? Яна яшчэ цёпленькая, толькі не супраціўляецца. Што дабру прападаць ужо?»

Падчас допыту. Скрыншот з відэа СК

Дзям’янаў абіраў дзяўчын ад 12 да 20 гадоў, заходзячы за імі ў пад’езды, ліфты і нават кватэру. Спачатку ён казаў ахвярам, што толькі дакранецца да цела і памастурбуе, прасіў не крычаць — тады, маўляў, усё скончыцца добра. Але дзяўчыны, натуральна, крычалі, таму ён іх забіваў.

Мужчына ў свой час працаваў у будаўнічым трэсце №17. Уласнай сям’і не завёў. Яго маці ўжо няма ў жывых. Бацька, згодна з апошнімі наяўнымі дадзенымі ў базах BelPol, быў начальнікам планавальнага аддзела Мостабудаўнічага ўпраўлення №1.

Згодна з псіхалагічна-псіхіятрычнай экспертызай, Дзям'янаў мае «нізкія маральныя якасці», хварэе (і раней хварэў) на змяшаны шызоідны сацыяльны разлад асобы, а таксама на множны разлад палавой цягі.

Следства просіць звяртацца да іх тых, хто мае дадатковую інфармацыю пра злачынную дзейнасць падазраванага.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула