Макрон выступіў супраць канфіскацыі расійскіх актываў у Еўропе
На няфармальнай сустрэчы лідараў Еўрасаюза ў Капенгагене прэзідэнт Францыі Эмануэль Макрон заявіў, што падтрымлівае пазіцыю бельгійскага прэм’ер-міністра Барта дэ Вевера, які крытычна ацаніў прапанову Еўракамісіі пераўтварыць замарожаныя грошы на расійскіх рахунках у бонды ЕС і накіраваць іх на беспрацэнтны крэдыт Украіне. Макрон падкрэсліў, што пры замарожванні актываў неабходна паважаць міжнароднае права, піша The Guardian.
Эмануэль Макрон. Фота: Ludovic Marin / AP
Еўракамісія прапанавала дзеля пакрыцця рызык гарантаваць аблігацыі ўсімі краінамі ЕС, што, паводле юрыстаў, не павінна лічыцца канфіскацыяй. Аднак Францыя занепакоеная магчымымі дадатковымі фінансавымі нагрузкамі: яе дзяржаўны доўг перавышае 3,3 трыльёна еўра, бюджэтны дэфіцыт — 5,4%, а ўрад сутыкаецца з палітычнай нестабільнасцю.
Каб пераканаць Францыю падтрымліваць рэпарацыйны крэдыт у памеры 140 мільярдаў еўра, Еўракамісія прапанавала выкарыстоўваць гэтыя сродкі на закупку еўрапейскай зброі для Украіны. Таксама Украіна павінна забяспечыць абарону гэтых сродкаў ад карупцыі і зрабіць іх карыснымі для еўрапейскай прамысловасці.
Некаторыя краіны ЕС, у тым ліку Германія і Швецыя, выступаюць за больш актыўнае выкарыстанне замарожаных расійскіх актываў для дапамогі Украіне. Мэта ЕС — да канца года дамовіцца пра план, каб выплаты пачаліся з 2026 года.
Чытайце таксама:
«Час перакрыць вентыль». ЕС паскарае адмову ад расійскага звадкаванага газу
ЗША прапанавалі краінам G7 пачаць канфіскацыю замарожаных рэзерваў Расіі
«Пуцін убачыць яшчэ больш НАТА ля сваіх межаў» — міністр абароны Швецыі