БЕЛ Ł РУС

Міністр абароны ЗША: Мужчын у сукенках і прайдаў у войску не будзе. Барадатых і з лішняй вагой таксама

30.09.2025 / 17:11

Nashaniva.com

Міністр абароны ЗША Піт Хегсэт на сустрэчы з амерыканскімі генераламі і адміраламі, скліканымі дзеля гэтай нагоды з усяго свету, выступіў з установачнай ідэалагічнай прамовай. 

Амерыканскія генералы на нарадзе 30 верасня 2025. Фота AP Photo \ Evan Vucci

«Нашы ворагі не сядзяць склаўшы рукі. Яны арганізуюцца. Калі мы хочам прадухіліць вайну, мы павінны быць гатовыя цяпер. Толькі мір праз сілу, — сказаў Хегсэт. — Вольны свет патрабуе саюзнікаў, якія будуць мець сапраўдныя ўзброеныя сілы».

Таксама ён аб'явіў пра выключэнне з войска «хваляванняў», «гендарных ілюзій», «месяцаў гонару» і «мужчын у сукенках».

«Мы скончылі з гэтым гаўном. […] Занадта доўга войска было запалоненае тупымі палітыкамі, прымушанымі засяроджвацца на няправільных рэчах. […] Занадта доўга мы прасоўвалі камандзіраў з-за расы, гендэрных квот, лічылі, што вайсковая і невайсковая тэхніка — гэта адно і тое ж», — дадаў ён.

Піт Хегсет заявіў, што стандарты ў войску «павінны быць адназначна гендэрна-нейтральныя і высокія».

«Калі не, то гэта не стандарты, а парады, з-за якіх нашы дзеці будуць гінуць, — падкрэсліў ён. — Ад сёння закладаецца, што ўсе стандарты павінны быць аднолькава высокімі ў кожным падраздзяленні, — дадаў ён.

— Зараз у кожнай частцы ёсць тоўстыя салдаты. Тоўстыя генералы і адміралы — выглядае кепска. Ад сёння з кожнага прадстаўніка войска патрабуецца здаваць два разы на год тэсты па фізпадрыхтоўцы. […] Калі жанчыны пройдуць іх — выдатна, але калі не — то што ж, — абвясціў Піт Хегсэт. — Больш не будзе бародаў, доўгіх валасоў, мы павінны вярнуцца да стандарту аднароднага выгляду».

Піт Хегсет адзначыў, што «ад гэтага моманту адзіная місія новаадроджанага Дэпартамента вайны ЗША — весці вайну, рыхтавацца да яе і рыхтавацца да перамогі».

«Не будзе больш разладаў, не будзе больш палітычных ідэалогій, не будзе больш смецця», — падкрэсліў прадстаўнік амерыканскай адміністрацыі.

Ён заявіў, што змены ў войску будуць не таму, што ЗША жадаюць вайны, а таму што ў ім любяць мір. А ў Белы дом вярнуўся здаровы сэнс.

«Кажу гэта нашым ворагам: мір праз сілу. Дзякуючы этасу вайскоўцаў мы аднаўляем такі падыход. Як слушна сказаў прэзідэнт Дональд Трамп, у нас самая магутная, самая моцная і найлепшая армія на планеце. Ніхто не ў стане нас кранаць», — заявіў Піт Хегсэт.

Чытайце таксама:

Трамп загадаў увесці войскі яшчэ ў адзін амерыканскі горад

ЗША забіраюць ва Украіны крытычна важную тэхналогію барацьбы з дронамі

Кіраўнік Пентагона склікае сотні генералаў з усяго свету на экстранную нараду

Марк Рутэ абвясціў пра запуск спецыяльнай праграмы НАТА для абароны ўсходняга флангу альянсу

Каментары да артыкула