БЕЛ Ł РУС

«Чорная жамчужына» сушыць вёслы»: тыкток у захапленні ад вялізнага фрэгата, які пабудаваў пенсіянер у Пінску ў сваім агародзе

29.09.2025 / 8:52

Nashaniva.com

Адной са славутасцяў Пінска стаў дом-карабель, які на сваім прыватным участку пабудаваў звычайны пенсіянер. Між іншым, марыў ён пра ўласны фрэгат больш за палову стагоддзя!

Фота: strollstory_rb / Instagram

Не заўважыць сярод звычайных адна-двухпавярховых дамоў на вуліцы 8 Сакавіка ў Пінску вялізны карабель проста немагчыма. Яго вышыня 6 метраў, шырыня 4,5 метра і даўжыня 15 метраў.

@il.oven Такие типа... простые, душевные Знаменитая «мечта» одного из белорусских пенсионеров, Григория Косько ️ Дом в виде морского судна высотой 6 метров, шириной - 4,5 метра и длиной около 15,5 метров прямо в огороде! Если повезет можно даже попасть внутрь г. Пинск, улица 8 Марта, 15 Видели этот домик?) #пинск#беларусь#кудапоехатьвбеларуси#домкорабль#домввидекорабля#отпуск#необычныеместавбеларуси ♬ оригинальный звук - il.oven

Не дзіва, што да фрэгата час ад часу прыходзяць тыктокеры ды ютуб-блогеры. А ў каментарыях жартуюць, што гэта, імаверна, «Чорная жамчужына» сушыць вёслы ў чыімсьці агародзе, а капітан Джэк Верабей недзе побач п’е піва ў бары.

Фота: strollstory_rb / Instagram

Але насамрэч карабель мае назву «Мара», а гісторыя яго стварэння ўражвае. Пра тое, каб мець уласны паруснік, беларус Рыгор Касько марыў яшчэ ў дзяцінстве.

Нарадзіўся ён у вёсцы Красіева, што ў Пінскім раёне. Захапляўся кніжкамі пра маракоў ды піратаў, хацеў, як і яны, рассякаць марскія хвалі. У адным з інтэрв’ю мужчына прызнаваўся, што ўжо ва ўзросце 10 гадоў вырашыў: карабель у яго абавязкова будзе.

Рыгор Касько. Скрыншот відэа на YouTube-канале ТРК «Пінск»

У маладосці Рыгор паспеў папрацаваць у вясковай бібліятэцы — чытаў усё, што было пра паруснікі. Калі надышоў час служыць у арміі, сам папрасіўся на флот. У выніку тры гады плаваў на падводнай лодцы.

Пасля службы абраў для сябе менш рамантычны шлях — стаў печніком. А далей, як часта бывае, засмактаў побыт: ажаніўся, у сям’і нарадзілася пяцёра дзяцей… Ну якія тут караблі?! Але схаваная ў далёкі куточак сэрца мара нікуды не падзелася.

Рэалізоўваць задуму Рыгор пачаў, калі пайшоў на пенсію. Тэорыю караблебудавання ён ведаў, рукамі працаваў усё жыццё… Ды і матэрыялы для свайго будучага фрэгата збіраў каля 30 гадоў! Дарэчы, яго бацька вельмі падтрымліваў мару сына і таксама збіраў тое, што магло б спатрэбіцца пры будаўніцтве фрэгата.

View this post on Instagram

A post shared by Анна Рыбко (@anna_rybko)

Крыху лічбаў: на справу пайшло каля кіламетру тросаў і 200 метраў канатаў. Канаты тут сапраўдныя, іх раней выкарыстоўвалі на караблях. А для стварэння шматлікіх прадметаў дэкору майстар выкарыстоўваў падручныя матэрыялы: пенапласт, веласіпедныя шыны і нават дэталі старой швейнай машынкі.

Фота: media-polesye.com

Усе чарцяжы карабля і размяшчэнне ў ім лакацый Рыгор рабіў самастойна. У інтэрв’ю мясцоваму тэлебачанню «Пінск» пенсіянер распавядаў, што нейкія ідэі яму нават сніліся па начах, і тады ён падскокваў, каб тэрмінова ўсё замаляваць. Працэс будаўніцтва заняў чатыры гады (з улікам таго, што на гэты час прыпала хвароба і аперацыя). Рыгор шчыра дадаў, што і натхненне ўсё ж не кожны дзень было.

Фота: media-polesye.com

Асноўную працу мужчына рабіў сам — кажа, зрабіць сцены крыху дапамаглі былыя аднакласнікі, а дзеці дапамагалі паставіць мачты.

Ёсць розныя лакацыі. Напрыклад, першы паверх — гэта быццам бы частка карабля, які патануў: тут каралы, дэльфіны і нават шкілет пірата. А ў кают-кампаніі можна пабачыць куфар са скарбамі.

Фота: media-polesye.com

У каментарыях у тыктоку пішуць, што творчы працэс не спыняецца, Рыгор увесь час нешта робіць на сваім караблі. Кажуць, што гаспадара можна папрасіць паказаць свой шэдэўр.

Чытайце таксама:

Берасцеец ператварыў сямітонны валун у каменную ванну

У Добрушы школьны прыбіральшчык вырабіў сметніцу з парасонам і сабачкам ФОТАФАКТ

Беларуска вярнулася з Польшчы і купіла сельскую школу, дзе раней вучылася — што яна там робіць?

Знаёмая аддала мінчуку стары вясковы дом на хутары — той ператварыў яго ў шэдэўр

Каментары да артыкула