БЕЛ Ł РУС

Трамп зноў раскрытыкаваў Пуціна, заявіўшы, што павольная акупацыя Украіны шкодзіць рэпутацыі Расіі

26.09.2025 / 8:19

Nashaniva.com

Прэзідэнт ЗША заявіў, што павольныя тэмпы акупацыі Украіны нягледзячы на масіраваныя бамбардзіроўкі ўкраінскіх гарадоў шкодзяць рэпутацыі Расіі.

Фота: Joe Raedle / Getty Images

Ён падкрэсліў, што дзеянні кіраўніка РФ Уладзіміра Пуціна прывялі да значных чалавечых страт і разбурэнняў, але не наблізілі заканчэнне вайны. Пра гэта Дональд Трамп заявіў падчас размовы з журналістамі ў Белым доме, піша «Украінская праўда».

Амерыканскі прэзідэнт чарговы раз выказаў сваё расчараванне дзеяннямі Пуціна. Паводле яго слоў, Расія наносіць масіраваныя ўдары па ўкраінскіх гарадах і грамадзянскай інфраструктуры, аднак яе тэрытарыяльныя заваёвы застаюцца мінімальнымі.

«Я сачу за тым, што робіць Расія, і я вельмі незадаволены тым, што робіць Расія і што робіць Пуцін. Мне гэта зусім не падабаецца. Ён забівае людзей без усялякай прычыны. І яны паказваюць сябе вельмі дрэнна, улічваючы, што паставілі ўсё на кон. Іх эканоміка ляціць у пекла».

Трамп дадаў, што вайна, развязаная Крамлём, зацягваецца і ўжо доўжыцца чацвёрты год. Нягледзячы на масіраваныя абстрэлы, Масква змагла захапіць вельмі мала тэрыторый і нават панесла страты.

«Яны бамбяць усё запар і захопліваюць вельмі мала тэрыторый, калі наогул захопліваюць. Насамрэч нават губляюць. Таму, думаю, гэта вельмі дрэнна для рэпутацыі Расіі», — заявіў ён.

Трамп падкрэсліў, што «гэтая вайна мусіла б ужо скончыцца». На яго перакананне, калі б гэта была вайна ЗША, то ён бы скончыў яе «за тыдзень».

«Паглядзіце, што яны здабылі. За апошні месяц узялі зусім мала, а вы паведамляеце пра ўсе гэтыя бамбардзіроўкі, пра ўсе гэтыя дроны, 900 дронаў, што заходзяць у пэўныя раёны, як у Кіеў, за адну ноч. І пры ўсім гэтым яны захапілі вельмі мала. Таму я вельмі расчараваны Пуціным».

Чытайце таксама:

Трамп: Расія патраціла мільёны даляраў і жыцці сваіх людзей, каб амаль нічога не захапіць

Кіраўнік Пентагона склікае сотні генералаў з усяго свету на экстранную нараду

Каментары да артыкула