БЕЛ Ł РУС

Кіраўнік Пентагона склікае сотні генералаў з усяго свету на экстранную нараду

25.09.2025 / 23:7

Nashaniva.com

Міністр абароны ЗША Піт Хегсэт загадаў на наступным тыдні сабраць на базе марской пяхоты ў Вірджыніі сотні генералаў і адміралаў, не тлумачачы прычыны. Пра гэта піша The Washington Post.

Піт Хегсэт. Фота: AP Photo / Virginia Mayo

Паводле сведчанняў крыніц, такія распараджэнні атрымалі практычна ўсе вышэйшыя амерыканскія вайсковыя камандзіры па ўсім свеце — у званні ад брыгаднага генерала і вышэй, а таксама іх галоўныя вайсковыя дарадцы. У сустрэчы павінны ўзяць удзел камандзіры з зоны канфліктаў, а таксама з Еўропы, Блізкага Усходу і Азіяцка-Ціхаакіянскага рэгіёну.

Гэта вельмі незвычайны крок: нават суразмоўцы выдання не ўспомнілі выпадкаў, калі міністр абароны збіраў столькі вышэйшых афіцэраў адразу. Некаторыя адзначылі, што сітуацыя выклікала занепакоенасць з пункту гледжання пытанняў бяспекі, бо камандаванне на месцах можа аслабнуць, калі ўсе кіраўнікі будуць адсутнічаць.

У Пентагоне пацвердзілі, што Хегсэт выступіць перад вайсковым кіраўніцтвам, але ніякіх падрабязнасцяў гэтага не падалі.

5 верасня прэзідэнт Дональд Трамп падпісаў указ, які надаў Міністэрству абароны ЗША дадатковую афіцыйную назву — «Міністэрства вайны». Цяпер кіраўнік ведамства можа карыстацца і гэтым тытулам у афіцыйных і публічных камунікацыях.

Чытайце таксама:

Чарговы скандал вакол кіраўніка Пентагона: Хегсэт абмяркоўваў удары па Емене ў прыватным чаце з жонкай і братам

Кіраўнік Пентагона загадаў падрыхтаваць план штогадовага скарачэння абароннага бюджэту ЗША на 8% цягам пяці гадоў

Трамп сёння перайменуе Міністэрства абароны ў Міністэрства вайны

Каментары да артыкула