Першая краіна Еўрасаюза забараніла ўезд Біньяміну Нетаньяху
Славенія стала першай краінай у ЕС, якая забараніла ўезд на сваю тэрыторыю прэм’ер-міністру Ізраіля Біньяміну Нетаньяху. Пра гэта 25 верасня заявіла дзяржаўная сакратарка Міністэрства замежных спраў Нева Грасіч.
Біньямін Нетаньяху. Фота: AP Photo/Ohad Zwigenberg
Нева Грасіч адзначыла, што гэта рашэнне не накіравана супраць ізраільскага народа, а мае на мэце паказаць ураду Ізраіля, што Словенія чакае строгага выканання рашэнняў міжнародных судоў і міжнароднага гуманітарнага права.
Чыноўніца таксама нагадала, што яшчэ 19 ліпеня мінулага года Міжнародны суд прызнаў, што многія дзеянні Ізраіля парушаюць міжнароднае права і правы чалавека. Усе краіны, уключаючы Славенію, не могуць падтрымліваць «незаконны стан рэчаў», які вынікае з прысутнасці Ізраіля на акупаваных палесцінскіх тэрыторыях.
Славенія раней ужо прымала меры супраць ізраільскага ўрада: у ліпені гэтага года яна аб’явіла персонамі нон-грата міністра нацыянальнай бяспекі Ітамара Бен Гвіра і міністра фінансаў Бецалеля Смотрыча. Таксама ўведзенае эмбарга на гандаль зброяй з Ізраілем і забарона на гандаль таварамі з акупаваных палесцінскіх тэрыторый.
Чытайце таксама:
Францыя афіцыйна прызнала палесцінскую дзяржаву
Міністр абароны Ізраіля: Палесцінскай дзяржавы ніколі не будзе