Сховішча для радыеактыўных адкідаў пабудуюць да 2030 года
У Беларусі плануюць стварыць сучаснае сховішча і комплекс перапрацоўкі радыёактыўных адкідаў. Аб’ект будзе разлічаны як мінімум на 500 гадоў і стане асноўным элементам нацыянальнай сістэмы бяспечнага абыходжання з такімі адкідамі. Ён будзе працаваць не толькі для патрэб БелАЭС, але і для ўсёй краіны, уключаючы медыцынскія адкіды і так званую «чарнобыльскую спадчыну». Пра гэта гаварылі на палях форума World Atomic Week у Маскве, паведамляе Tochka.by.
Здымак ілюстрацыйны. Фота: LookByMedia
Будоўля павінна быць завершаная да 2030 года. Галоўная ідэя — не проста ізаляцыя небяспечных матэрыялаў, а іх комплексная перапрацоўка. Гэта дазволіць стварыць у Беларусі новую галіну, падрыхтаваць спецыялістаў і павысіць бяспеку ўсяго ядзернага сектара.
Месца пад будоўлю пакуль не вызначана. Разглядаюцца некалькі варыянтаў: каля Астравецкай АЭС, у Магілёўскай вобласці, а таксама ў Гомельскай — у зоне, пацярпелай ад аварыі на ЧАЭС, у тым ліку ў Палескім радыяцыйна-экалагічным запаведніку. Канчатковае рашэнне прымуць пасля дэтальных геалагічных і экалагічных даследаванняў.
Паводле слоў спецыялістаў, сховішча будзе абсталявана шматузроўневымі ахоўнымі бар’ерамі, што дазволіць гарантаваць яго бяспеку на працягу 500—600 гадоў. На пачатковым этапе тут будуць захоўвацца нізка– і сярэднеактыўныя адходы. Пытанні высокаактыўных адходаў і адпрацаванага ядзернага паліва вырашаюцца на міждзяржаўным узроўні ў супрацоўніцтве з Расіяй.
Увядзенне першай чаргі комплексу запланавана на 2030 год, але поўнае развіццё праграмы расцягнецца да 2050-х. Ужо ў 2026—2027 гадах павінна адбыцца дзяржаўная экалагічная экспертыза выбранай пляцоўкі.
Чытайце таксама:
Названыя тры пляцоўкі па магчымым захоўванні радыеактыўных адкідаў