Былога «гаспадара Малдовы» экстрадавалі з Афін у Кішынёў
Улад Плахатнюк быў затрыманы ў Грэцыі 22 ліпеня, калі ён збіраўся вылецець у Дубай.
Былога «гаспадара Малдовы», алігарха Улада Плахатнюка, экстрадавалі з Грэцыі ў Малдову, паведамляе Newsmaker.
Раніцай 25 верасня Плахатнюка прывезлі ў Кішынёў пад канвоем прамым рэйсам з Афін. На апублікаваным відэа бачна, як алігарх выходзіць з самалёта ў суправаджэнні канвою пасля таго, як борт пакінулі звычайныя пасажыры рэйса.
У Міністэрстве юстыцыі раней паведамілі, што ён будзе ўтрымлівацца ў турме №13 у Кішынёве.
Плахатнюк быў затрыманы ў Грэцыі 22 ліпеня, калі ён збіраўся вылецець у Дубай.
У Малдове супраць яго выдадзеныя ордары на арышт па трох справах. Самая гучная з іх — аб «крадзяжы мільярда» ў 2014 годзе з банкаў Малдовы, нагадвае «Еўрапейская праўда».
Паводле звестак пракуратуры, Плахатнюк праз кантраляваныя Іланам Шорам кампаніі атрымаў больш за 40 мільёнаў долараў. Справу перадалі ў суд у 2023 годзе. У лютым 2025 года яго аб'явілі ў вышук праз Інтэрпал.
Да страты ўлады і ўцёкаў з краіны ў 2019 годзе Плахатнюк меў вялікі ўплыў на жыццё краіны, за што і атрымаў мянушку «гаспадар Малдовы».
Чытайце таксама:
«Вялікае супрацьстаянне паміж Расіяй і Еўропай». Што адбываецца ў Малдове напярэдадні выбараў
«Быў страчаны момант з Беларуссю». Зяленскі падчас выступлення ў ААН згадаў нашу краіну