БЕЛ Ł РУС

Турцыя накіравала самалёт-радыёлакацыйны комплекс у Літву на фоне парушэнняў паветранай прасторы з боку Расіі

25.09.2025 / 10:46

Nashaniva.com

Турцыя часова перакінула ў Літву самалёт сістэмы ранняга выяўлення і кіравання (AWACS), здольны выяўляць нізкалётныя беспілотнікі і іншыя аб’екты, якія часта не фіксуюцца наземнымі радарамі. 

Ілюстрацыйны здымак. Фота: ac.nato.int

Місія пачалася ў панядзелак і працягнецца да чацвярга. У Міністэрстве абароны Турцыі сітуацыю пакуль не каментуюць, піша Bloomberg.

Гэта рашэнне разглядаецца як жэст салідарнасці ў межах НАТА, які адлюстроўвае рост заклапочанасці саюзнікаў у сувязі з павелічэннем парушэнняў паветранай прасторы краін Балтыі і Усходняй Еўропы з боку расійскіх самалётаў і беспілотнікаў.

Ваенныя аналітыкі лічаць такія ўварванні дэманстратыўным ігнараваннем межаў Альянсу і, у выпадку з Літвой, Латвіяй і Эстоніяй, сігналам, што Масква не ўспрымае іх як самастойныя дзяржавы.

Пасля інцыдэнту ў Эстоніі, калі тры расійскія знішчальнікі правялі ў паветранай прасторы краіны 12 хвілін, Талін заклікаў склікаць экстранныя пасяджэнні НАТА і Рады Бяспекі ААН. Раней паведамлялася і пра ўварванні расійскіх беспілотнікаў у Польшчу і Румынію, а таксама ў Літву з боку Беларусі.

У адказ на пагрозы Італія абвясціла аб падаўжэнні тэрміну знаходжання сваёй сістэмы супрацьпаветранай абароны ў Эстоніі. Польшча і Швецыя рыхтуюць сумесныя вучэнні.

Парушэнні паветранай прасторы з боку Расіі сталі асабліва частымі пасля пачатку яе поўнамаштабнай агрэсіі супраць Украіны ў 2022 годзе.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула