БЕЛ Ł РУС

Аўтапэн замест партрэта. У Белым доме вытанчана паздзекаваліся з Джо Байдэна

24.09.2025 / 21:43

Nashaniva.com

У Белым доме адкрылі новую экспазіцыю — «Прэзідэнцкая алея славы». Яна размяшчаецца каля Авальнага кабінета і ўключае партрэты былых прэзідэнтаў ЗША. Але замест партрэта Джо Байдэна там размясцілі фотаздымак аўтапэна — прылады, якая аўтаматычна ставіць подпіс, піша выданне The Hill.

Фота: AP Photo/Jacquelyn Martin

Цяперашні прэзідэнт ЗША Дональд Трамп і ягоныя прыхільнікі неаднаразова крытыкавалі выкарыстанне Байдэнам аўтапэна, хоць гэтай тэхналогіяй карысталіся і папярэднія прэзідэнты ад абедзвюх галоўных амерыканскіх партый. Праціўнікі Байдэна сцвярджалі, што частае выкарыстанне аўтапэна нібыта ставіць пад сумнеў яго здольнасць прымаць важныя рашэнні самастойна.

Сам Байдэн і яго былыя памочнікі рашуча адпрэчвалі такія абвінавачанні, падкрэсліваючы, што ўсе палітычныя і прававыя рашэнні ён прымаў асабіста.

Трамп раней ужо анансаваў ідэю з аўтапэнам у інтэрв’ю выданню The Daily Caller.

Новая «алея славы» стала часткай больш шырокіх зменаў, якія Трамп уносіць у Белы дом: ён замяніў газон у Ружавым садзе на каменную пляцоўку і распарадзіўся пабудаваць бальную залу каля Усходняга крыла.

Чытайце таксама:

Джо Байдэн пасля заканчэння прэзідэнцтва перажывае фінансавыя праблемы

Дачка Джо Байдэна апублікавала фатаграфію свайго мужа, на якой ён трымае за руку іншую жанчыну, і абвясціла пра развод

Джо Байдэн сказаў пра цёмныя часы, якія пагражаюць Амерыцы з-за Трампа

Джо Байдэн прадаў правы на свае будучыя мемуары за $10 мільёнаў

Каментары да артыкула