Для беларускага рубля прыдумаюць новы графічны знак
Нацыянальны банк Беларусі абвясціў конкурс на стварэнне новага графічнага знака для беларускага рубля. Шукаюць арыгінальны і лёгка пазнавальны сімвал, аналагічны тым, што маюць долар ($), еўра (€), фунт (£) ці расійскі рубель (₽).
Фота ілюстрацыйнае
У Беларусі ўжо каля 20 гадоў выкарыстоўваюць абазначэнне Br, але, як гаворыць намеснік старшыні праўлення Нацбанка Андрэй Картун, гэты знак па сутнасці так і не прыжыўся. Прычынай гэтага можа быць складанасць яго выкарыстання або адсутнасць устойлівай асацыяцыі менавіта з нацыянальнай валютай.
Таму Нацбанк вырашыў абвясціць конкурс на стварэнне новага знака. Паводле ўмоў, трэба прапанаваць адзінкавы сімвал — просты, зразумелы для міжнароднай супольнасці і звязаны менавіта з беларускім рублём.
Удзельнічаць у конкурсе могуць усе жыхары Беларусі, як індывідуальна, так і калектыўна. Падаць свае прапановы (з апісаннем і малюнкам) трэба да 7 лістапада 2025 года на адрас grafznak@nbrb.by з пазнакай «Графічны знак». Пераможца атрымае прыз у памеры 3000 рублёў.
Найлепшыя работы адбярэ камісія, пасля чаго з пяці фіналістаў беларусы змогуць выбраць пераможцу праз адкрытае галасаванне на сайце Нацбанка. Голасаванне адбудзецца з 17 па 28 лістапада, а вынікі падвядуць да 31 снежня 2025 года.
Чытайце таксама:
Пры абмене валюты пачнуць выдаваць электронныя чэкі
«Калаўра мы не пакрыўдзілі»: стала вядома пра новае месца працы былога старшыні Нацбанка