БЕЛ Ł РУС

«Засраны ўвесь лес, такой колькасці «мін» ніколі не бачыў». Спартыўны каментатар расказаў, як два дні стаяў на латвійска-беларускай мяжы

24.09.2025 / 18:21

Nashaniva.com

За гэты час у Міхаіла Гарнака паспелі скончыцца не толькі два літры венгерскага віна, але і шэнгенская віза.

Скрыншот сторыс у інстаграме

Сёлета беларускі спартыўны каментатар і блогер Міхаіл Гарнак разам з сям’ёй адпачываў у Еўропе — наведаў розныя краіны, на моры спыніўся ў Грэцыі. Але момант для вяртання на радзіму атрымаўся максімальна нязручны: Польшча ўжо паспела закрыць мяжу з Беларуссю, а на латвійскай мяжы ўтварыліся шалёныя чэргі.

Апошнім прыпынкам у Еўропе для Міхаіла стаў невялікі венгерскі горад Такай, вядомы сваімі вінамі.

Дарога да самой мяжы ў сям’і заняла 18 гадзін. Іх аўтобус у выніку аказаўся 17‑м у чарзе, што не выклікала аптымізму: па назіраннях мужчыны, на праезд аднаго аўтобуса ў сярэднім прыходзілася прыблізна 3‑4 гадзіны.

Міхаіл жартаваў, што не сумаваць у такой сітуацыі яму дапамагала венгерскае віно, якое ён узяў з сабой.

— Агулам сітуацыя адстойная, бо немагчыма перасесці ў іншы аўтобус, неяк пераехаць мяжу.

Праз суткі ў чарзе Міхаіл распавёў, што ад яго ўжо не вельмі прыемна пахне, але зубы ўсё ж атрымалася пачысціць. А асобная побытавая катастрофа ўзнікла праз тое, што ў людзей не было магчымасці наведваць прыбіральню — таму хадзілі ўсе проста ў лес.

— Лес «замініраваны» поўнасцю. Вось клянуся, такой колькасці «мін» не бачыў ніколі ў жыцці. Засрана літаральна ўсё, проста кожны сантыметр. Каб проста зайсці ў лес, патрэбна поўная канцэнтрацыя. Сітуацыя патавая.

Праз 32 гадзіны на мяжы Міхаіл распавёў, што ў іх ужо скончыліся шэнгенскія візы — пры гэтым, пашпарты ў сям’і сабралі 16 гадзін таму. То бок пра ідэю паспрабаваць перасесці ў рэйсавы аўтобус можна было забыць.

— А яшчэ прыкольны момант: яны запусцілі патрульную машыну ў лес, каб ганяць такіх засранцаў, як я.

Іншыя пасажыры таксама расказвалі, што туалетаў на мяжы не было, а пасля і ў лес забаранілі хадзіць, памежнікі за гэта пагражалі штрафамі.

У выніку дарога дамоў у Міхаіла заняла 68 гадзін. На машыне ад Такая да Мінска прыблізна 945 кіламетраў.

Чытайце таксама:

Беларусь атрымала афіцыйнае паведамленне ад польскага боку пра адкрыццё мяжы

Перавозчыкі ўжо аднавілі прамыя рэйсы ў Польшчу. Колькі цяпер каштуюць білеты

Польшча адкрывае мяжу з Беларуссю

Беларуска расказала, як пасля закрыцця мяжы дабіралася ў Польшчу праз Калінінград

Каментары да артыкула