У цэнтры Осла знайшлі дзве выбуховыя прылады. Падазраваны — 13‑гадовы падлетак
Усяго за некалькі соцень метраў ад каралеўскага палаца і ізраільскага пасольства ў Осла знайшлі дзве выбуховыя прылады. Адна з іх здэтанавала, другую сапёры падарвалі кантралявана, піша Bild.
Каралеўскі палац у Осла. Фота: Martin Berry / UCG / Universal Images Group via Getty Images
Паліцыя папярэдзіла жыхароў праз экстраннае паведамленне на мабільныя тэлефоны — абышлося без ахвяр. Паводле афіцыйных звестак, другім прыборам аказалася ручная граната ваеннага ўзору.
«Наша гіпотэза — што гэта крымінальныя разборкі, але мы не можам нічога выключаць», — паведаміў журналістам кіраўнік аперацыі Брайан Скотнэс.
Праваахоўнікі затрымалі падазраванага. Гаворка ідзе пра 13‑гадовага падлетка. Яго асобу афіцыйна не называюць.
Інцыдэнт адбыўся ўсяго за дзень пасля таго, як над аэрапортамі Капенгагена і Осла былі зафіксаваны дроны, што выклікалі перабоі ў авіазлучэнні.