БЕЛ Ł РУС

Трамп у ААН: Еўропа коціцца ў пекла, а глабальнае пацяпленне — найбуйнейшае махлярства

23.09.2025 / 19:5

Nashaniva.com

Выступаючы на пасяджэнні Генасамблеі ААН у Нью-Ёрку, прэзідэнт ЗША Дональд Трамп зрабіў некалькі рэзкіх заяў па розных пытаннях сусветнай палітыкі.

Дональд Трамп на трыбуне ААН. Фота: Michael M. Santiago/Getty Images

Сярод іншага Дональд Трамп заявіў, што еўрапейскія краіны «коцяцца ў пекла» з-за палітыкі адкрытых межаў і бескантрольнай іміграцыі. Паводле яго слоў, урады дапусцілі «правальны эксперымент», пускаючы ў Еўропу людзей іншых культур і рэлігій. На думку Трампа, гэта разбурае культурную ідэнтычнасць, эканоміку і правапарадак унутры еўрапейскіх дзяржаў.

Ён падкрэсліў, што ў ЗША падчас яго прэзідэнцтва нелегальную іміграцыю нібыта ўдалося спыніць. Пры гэтым ён заявіў, што спачувае бежанцам, але праблемы трэба вырашаць у іх краінах, а не «ствараць новыя праблемы» ў тых дзяржавах, якія іх прымаюць.

Другой прычынай «заняпаду Еўропы», на думку Трампа, з’яўляецца курс на «зялёную энергетыку» і барацьбу з глабальным пацяпленнем. Ён назваў ветравыя электрастанцыі і іншыя аднаўляльныя крыніцы «бязглуздзіцай і занадта дарагім прадпрыемствам». Больш за тое, Трамп ахарактарызаваў папярэджанні навукоўцаў і міжнародных арганізацый пра небяспечныя наступствы змянення клімату як «найбуйнейшае махлярства апошніх 40 гадоў».

Трамп зноў паўтарыў, што мог бы лёгка спыніць вайну ва Украіне дзякуючы сваім адносінам з Уладзімірам Пуціным, якія ён назваў добрымі. Ён заявіў, што ЗША гатовыя ўвесці «моцны пакет тарыфаў», які, паводле яго слоў, «хутка спыніць вайну». Але гэта, паводле Трампа, будзе эфектыўна толькі тады, калі Еўропа спыніць закупку нафты і газу ў Расіі. Ён дадаў, што быў здзіўлены тым, што краіны ЕС усё яшчэ працягваюць купляць расійскія энерганосьбіты.

Увогуле ж, па словах Трампа, дасягнуты ім у яго першы прэзідэнцкі тэрмін мір «рухнуў», саступіўшы месца «найвялікшым крызісам». Маўляў, «чатыры гады радыкалізму» пры ягоным папярэдніку Джо Байдэне аслабілі Злучаныя Штаты, але цяпер у краіны «няма канкурэнтаў у свеце». Прэзідэнт ЗША назваў цяперашні перыяд «залатым векам Амерыкі», з самай моцнай эканомікай, арміяй, межамі, «сяброўствам і духам».

Што да нядаўняга прызнання адразу некалькімі ўплывовымі дзяржавамі Палесціны, то прэзідэнт ЗША заявіў, што гэта стане неапраўданай узнагародай для ХАМАС за жудасныя злачынствы, уключаючы падзеі 7 кастрычніка.

«На жаль, ХАМАС неаднаразова адкідаў разумныя прапановы аб міры. Цяпер, нібыта заахвочваючы працяг канфлікту, некаторыя сябры ААН імкнуцца ў аднабаковым парадку прызнаць палесцінскую дзяржаву», — сказаў Дональд Трамп.

Трамп заклікаў неадкладна спыніць вайну ў сектары Газа і вызваліць усіх закладнікаў, якія ўтрымліваюцца тэрарыстамі ХАМАС.

Чытайце таксама:

Паліцыя Нью-Ёрка спыніла Макрона з-за праезду Трампа

Трамп прызнаў Антыфа тэрарыстычнай арганізацыяй

Жонка Чарлі Кірка публічна прабачыла забойцу яе мужа. Трамп з ёй не пагадзіўся

Трамп назваў забітага актывіста Кірка «гігантам свайго пакалення»

Трамп паабяцаў абараніць краіны Балтыі і Польшчу ад Расіі

Каментары да артыкула