БЕЛ Ł РУС

Памёр апошні з братоў Бельскіх, якія партызанілі ў Налібоцкай пушчы

23.09.2025 / 16:21

Nashaniva.com

У ЗША ва ўзросце 98 гадоў памёр Арон Бельскі, самы малодшы з братоў Бельскіх, якія падчас Другой сусветнай вайны стварылі ў Налібоцкай пушчы самы вялікі лясны лагер для яўрэяў у акупаванай Еўропе. Пра гэта паведаміў у фэйсбуку журналіст Дзмітрый Гурневіч.

Арон Бельскі ў Налібоцкай пушчы ў 2019 годзе. Фота Дзмітрыя Гурневіча

Да вайны сям’я Бельскіх жыла ў вёсцы Станкевічы каля Налібоцкай пушчы, дзе яны былі адзінымі яўрэямі. У сям’і Давіда і Бэлы Бельскіх было 11 дзяцей. Старэйшы сын, Туўя, вучыўся ў яўрэйскай і польскай школах, служыў у польскім войску, ведаў шэсць моў. 

Пасля нямецкага ўварвання ў 1941 годзе сям’я Бельскіх панесла вялікія страты: двух братоў і частку родных нацысты расстралялі, малодшы Арон, у той час падлетак, цудам уратаваўся. У снежні 1941 года браты стварылі ў лесе невялікі партызанскі атрад з 17 чалавек. Камандзірам стаў Туўя. З часам атрад вырас да сотняў людзей.

Атрад Бельскіх стаў вядомы тым, што прымаў усіх яўрэяў, у тым ліку жанчын, дзяцей і старых, у той час як іншыя партызанскія групы часта адмаўлялі ім. Туўя лічыў галоўнай задачай не столькі баявыя дзеянні, колькі ратаванне людзей: «лепш выратаваць адну старую яўрэйку, чым забіць дзесяць немцаў».

З часам лагер ператварыўся ў сапраўдную «вёску ў лесе» — з пякарняй, кузняй, школай, бальніцай і нават вяселлямі. Пры гэтым атрад вёў і баявыя дзеянні: падрываў эшалоны і масты, удзельнічаў у засадах, знішчыў сотні ворагаў. Падчас вялікай нямецкай аперацыі «Герман» у 1943 годзе атрад выжыў, схаваўшыся ў балотах.

Усяго браты Бельскія выратавалі ад знішчэння каля 1230 яўрэяў. Немцы прызначылі вялікую ўзнагароду за галаву Туўі. Пасля вызвалення Беларусі ўсе браты засталіся жывымі, акрамя Асаэля, які загінуў у Чырвонай Арміі пад канец вайны.

Браты Туўя, Зусь і Арон пасля пераследу з боку НКВД уцяклі спачатку ў Польшчу, потым у Палесціну, а ў сярэдзіне 1950‑х пераехалі ў ЗША. Там яны жылі ў Брукліне, працавалі ў транспартнай сферы. Туўя памёр у 1986 годзе, Зусь — у 1995-м, а малодшы Арон яшчэ доўга жыў у Маямі аж да ўчарашняга дня.

Чытайце таксама:

Памёр музыка Дзмітрый Карповіч

Памёр акцёр і рэжысёр Роберт Рэдфард

Памёр прафесар Міхась Кандрацюк

Каментары да артыкула