У Беларусі хочуць увесці падатак на багацце
У Беларусі плануецца ўвесці дадатковую стаўку падатку для багатых грамадзян. У Савеце Рэспублікі гэта называюць «павышэннем справядлівасці падаткаабкладання».
Уладзіслаў Татарыновіч. Фота: СТБ
Старшыня пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі па эканоміцы, бюджэце і фінансах Уладзіслаў Татарыновіч у інтэрв’ю тэлеканалу СТБ заявіў, што ў аснове эканамічнай палітыкі Беларусы, маўляў, ляжыць сацыяльная справядлівасць. Галоўныя прыярытэты — павышэнне якасці жыцця насельніцтва і яго абарона, што адлюстроўваецца ў дзяржаўных выдатках, з якіх значная частка накіраваная на падтрымку дабрабыту грамадства.
У сувязі з гэтым сярод мер, якія павінны быць рэалізаваныя ў найбліжэйшай перспектыве, — падатковыя новаўвядзенні для тых, чые даходы значна вышэйшыя за сярэдні ўзровень па краіне. Гаворка ідзе пра увядзенне дадатковай стаўкі падатку на даходы для грамадзян з высокімі даходамі.
Акрамя таго, плануецца ўзмацненне падаткаабкладання ў дачыненні да ўласнікаў нерухомасці, чыя плошча кватэр ці жылых дамоў перавышае сярэднія паказчыкі. Таксама будзе ўраўноўвацца стаўка транспартнага падатку для індывідуальных прадпрымальнікаў і юрыдычных асоб, паколькі многія з іх займаюцца аднолькавымі відамі дзейнасці, таму ўмовы падаткаабкладання, маўляў, павінны быць роўнымі для ўсіх.
Чытайце таксама:
У Францыі праходзяць маштабныя пратэсты супраць бюджэтнай палітыкі ўрада
Змяняецца сістэма дзяржаўнай падтрымкі спорту
Былы міністр юстыцыі Хаменка папрасіўся на выхад з Савета Рэспублікі. Ён быў намеснікам Качанавай