БЕЛ Ł РУС

Лукашэнка павіншаваў Арменію з Днём Незалежнасці як «недружалюбную» краіну

21.09.2025 / 10:39

Nashaniva.com

З’явілася новае сведчанне пагаршэння адносін паміж Беларуссю і Арменіяй. Аляксандр Лукашэнка змяніў фармат віншавання Арменіі з Днём Незалежнасці: віншаванне было адрасавана не кіраўніцтву, а «народу Арменіі».

Нікол Пашынян. Фота: Leon Neal / Getty Images

У пасланні адзначаецца «шматгадовае сяброўства, традыцыйныя хрысціянскія каштоўнасці і агульная гісторыя», але не згадваецца ні прэзідэнт, ні прэм’ер-міністр краіны.

Такі фармат камунікацыі стаў звычайнай практыкай для Беларусі ў дачыненні да дзяржаў, якія не прызналі вынікі прэзідэнцкіх выбараў 2020 года. Паводле гэтай схемы, у тэкстах з віншаваннямі не згадваецца ўлада краін, а ўсе пажаданні накіраваныя «народу».

Яшчэ ў 2023 годзе Лукашэнка накіроўваў віншаванне не толькі прэзідэнту Арменіі Ваагну Хачатрану, але і прэм’ер-міністру Ніколу Пашыняну.

Але адносіны паміж Пашынянам і Лукашэнкам рэзка пагоршыліся.

Яны рэгулярна абменьваюцца колкасцямі. У студзені Лукашэнка заявіў, што Пашынян, набліжаючыся да Еўрасаюза, «знішчае Арменію».

«Яны пачалі загульвацца з ЕС. Небяспечная гульня. Супакойце яго там. Ён знішчыць Арменію. У яго праблема з аднаго боку — з усходу, у яго праблема з захаду. Ён яшчэ і Расію настройвае супраць сябе. Ён у акружэнні, невялікая тэрыторыя. Насельніцтва не велізарнае. І ён акружыў сябе ворагамі. Вось, Еўрасаюз пачне яму там нечым дапамагаць… Яму што, незразумела, што адбылося ва Украіне? Добра, Украіна. Але Грузія побач. Ён знішчыць краіну. Таму яго трэба ўціхамірыць. Нельга дапусціць вайны на Каўказе», — сказаў Лукашэнка.

Пашынян у мінулым годзе заявіў, што не прыедзе ў Беларусь, пакуль там кіруе Лукашэнка. Арменія таксама замарозіла свой удзел у АДКБ.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула