БЕЛ Ł РУС

Журналістка Шчыракова расказала, як сілавікі размясцілі яе інтымныя здымкі на сайце знаёмстваў і давалі яе нумар тэлефона мужчынам

21.09.2025 / 15:37

Nashaniva.com

Былая палітзняволеная журналістка Ларыса Шчыракова ў новым выпуску ТОКу расказала пра брудныя метады сілавікоў. «Я заўжды жартавала, што мяне хіба дустам не труцілі толькі».

Адным з самых жудасных эпізодаў пераследу жанчына называе выпадак, калі яе інтымныя фотаздымкі апынуліся ў адкрытым доступе ў інтэрнэце.

Па словах Ларысы, фотаздымкі былі на яе камп’ютары, які супрацоўнікі КДБ канфіскавалі ў 2011 годзе.

«Я ведаю дакладна, што я нікому іх не перасылала. Гэта былі проста для сябе зробленыя фотаздымкі. То-бок, натуральна, я іх нікуды не змяшчала, дзе б іх можна было перахапіць і гэтак далей».

Праз нейкі час пасля канфіскацыі камп'ютара, па словах Шчыраковай, ёй пачалі тэлефанаваць незнаёмыя мужчыны:

«Я разумею па кантэксце, што яны думаюць, што мы ўжо пра нешта размаўлялі з імі, пра нешта дамаўляліся. Ну, кшталту, сустрэцца ці што. Я спачатку зусім нічога не разумею, што адбываецца. Тыпу: «Прывітанне, ну, мы ж з табой там дамаўляліся…». Я: «У сэнсе, пра што? Пра што дамаўляліся?». І потым я разумею, што яны змясцілі мае здымкі на сайце інтым-знаёмстваў і ад мяне з кімсьці там ліставаліся».

Пры гэтым, як адзначае Ларыса, тыя людзі, што вялі перапіску ад яе імя, давалі мужчынам яе сапраўдны нумар тэлефона.

«Мне паспела патэлефанаваць чалавек шэсць. Я ўсім тлумачыла, што гэта супрацоўнікі КДБ. Мужчыны, вядома, былі вельмі пераляканыя ад гэтай інфармацыі», — згадвае яна.

Пазней на адным з праўладных сайтаў з’явіўся артыкул, у якім сцвярджалася, што Шчыракова сама размяшчае свае фота ў сеціве.

Гэта быў не адзіны метад ціску. Па словах Ларысы, сілавікі таксама сачылі за яе прыватным жыццём. Калі яны знаходзілі нешта, што лічылі «кампраметуючым», то пісалі пра гэта артыкул, а потым рассылалі яго ў папяровым выглядзе.

«Яны ў канверт клалі гэты артыкул проста. І высылалі маёй маці, маім суседзям. Усім, каму было бы цікава», — расказвае Шчыракова.

Як ёй удавалася з усім гэтым спраўляцца? Журналістка тлумачыць гэта сваім сангвінічным тэмпераментам. Па яе словах, яна з тых людзей, якія даволі лёгка перажываюць няўдачы, хутка забываюць пра негатыўныя рэчы і не факусуюцца на іх.

«Ну, было і было. Я паперажывала 15‑20 хвілін, гадзіну-дзве, дзень-два. Ну, і забылася на гэта. Гэта такая рыса характару — не захрасаць ні ў чым, ісці далей. Так, непрыемна, але…» — кажа яна.

Ларыса дадае, што пераслед доўжыўся шмат гадоў яшчэ да 2020-га:

«Я заўжды жартавала, што мяне хіба дустам не труцілі толькі».

Чытайце таксама:

Ларыса Шчыракова: Каб мяне пасадзіць, ГУБАЗіК замовіў у мяне этнафотасесію

«Губазікаўцы схіляюць Калеснікаву да высылкі, але яна не хоча»

Каментары да артыкула