БЕЛ Ł РУС

Прэзідэнт Чэхіі: Расійскія самалёты, якія парушаюць паветраную прастору краін НАТА, трэба збіваць

20.09.2025 / 21:42

Nashaniva.com

Падставай для рэзкага выказвання цяперашняга прэзідэнта Чэхіі, а раней высокапастаўленага вайскоўца Петра Павела стаў учарашні залёт расійскіх самалётаў МіГ-31К у паветраную прастору Эстоніі.

Петр Павел. Фота: Ihor Kuznietsov/Novyny LIVE/Global Images Ukraine via Getty Images

«Я павінен назваць гэта вельмі безадказнымі паводзінамі, бо парушэнне паветранай прасторы — гэта падстава для актывацыі ахоўных механізмаў і, такім чынам, збіцця такога самалёта. А гэтага ніхто ні з нашага боку, ні з расійскага не хацеў бы», — заявіў Петр Павел у эфіры чэшскага тэлебачання.

«На жаль, гэта пытанне балансавання на мяжы канфлікту, але проста нельга адступаць перад абліччам зла. Расія будзе паводзіць сябе так, як мы ёй дазваляем», — заявіў Павел, які раней быў кіраўніком вайсковага камітэта НАТА.

Па словах палітыка, пры такога роду «адэкватным» адказе Масква будзе ўсведамляць, што перасягнула мяжу дапушчальнага і здзейсніла памылку.

Ён нагадаў, што Турцыя, якая таксама ўваходзіць у склад НАТА, у 2015 годзе збіла расійскі самалёт Су-24 пасля парушэння яе паветранай прасторы падчас вайны ў Сірыі. Тады Крэмль назваў інцыдэнт «ударам у спіну ад памагатых тэрарыстаў» і ўвёў санкцыі супраць Турцыі, аднак пасля вымушаны быў іх зняць. Залятаць жа на тэрыторыю Турцыі расіяне пасля таго асцерагаліся. 

Раней з падобнай заявай выступіла міністарка абароны Літвы Давіле Шакалене, таксама спаслаўшыся на прыклад Турцыі ў 2015 годзе. 

Чытайце таксама:

Міністарка абароны Літвы заклікала збіваць расійскія знішчальнікі

Расійскія знішчальнікі парушылі паветраную прастору Эстоніі

Келаг прагназуе Украіне балтыйскі сцэнарый

Каментары да артыкула