БЕЛ Ł РУС

Міліцыя абвяргае, што ў гібелі катоў у Мінску вінаваты скуралуп

20.09.2025 / 17:38

Nashaniva.com

У Заводскім раёне Мінска мясцовыя сілавікі назвалі магчымую прычыну масавай гібелі ў гэтай мясцовасці бяздомных катоў. Паводле іх даных, версія пра наўмысную жорсткасць з боку людзей не пацвердзілася — усе факты сведчаць пра напады бадзяжных сабак. Аднаго з гэтых сабак ужо адлавілі і размясцілі ў прытулку, паведамляе агенцтва «Мінск-Навіны».

Фота ілюстрацыйнае

Сілавікі правялі сем праверак, па трох з якіх вынеслі пастановы аб адмове аб завядзенні крымінальнай справы. У адным выпадку агляд і разбор быў зроблены пры ўдзеле эксперта Мінскай гарадской ветэрынарнай станцыі, і па выніках было ўстаноўлена, што смерць ката адбылася ў выніку нападу сабакі.

У двух іншых выпадках экспертыза немагчымая з-за моцнага пашкоджання целаў. Па астатніх чатырох выпадках праверкі працягваюцца.

З камер відэаназірання атрыманы запіс, на якім відаць, як сабака кусае ката — гэта сур’ёзны доказ, які пацвярджае прыродную прычыну трагедыі.

11 верасня прадстаўнікі арганізацыі «Фаўна горада» правялі працу па тэрыторыі, дзе былі знойдзеныя загінулыя жывёлы. У выніку адлавілі аднаго бадзяжнага сабаку, які цяпер знаходзіцца ў прытулку.

Новых паведамленняў пра гібель жывёл з 11 верасня не паступала.

Такім чынам, версія пра з’яўленне ў раёне скуралупа не пацвердзілася. Сілавікі заклікаюць жыхароў заставацца спакойнымі і запэўніваюць, што сітуацыя знаходзіцца пад кантролем.

Чытайце таксама:

Трупы хатніх жывёл пачалі знаходзіць у Мінску

Мінчанка спрабавала выкупіць у скуралупа свайго сабаку і перавяла аферыстам больш за 800 рублёў

У цэнтры Скідзеля лось прабраўся ў двор і з'еў усе буякі

Наведнікам, што напаілі аленя кока-колай у Мінскім заапарку, далі па 10 сутак

Каментары да артыкула