У Беларусі прадаюць 24‑гадовую BMW па цане кватэры ў Мінску. За што такія грошы?
Днямі ў продажы з'явілася BMW 7 серыі 2001 года, за якую просяць 83 тысячы даляраў.
Фота: av.by
Рэстайлінгавая E38 выпускалася з 1999 па 2001 гады
Пад капотам у гэтай BMW E38 — топавы для гэтай мадэлі 12‑цыліндравы рухавік аб'ёмам 5,4 літра. Машына выехала з канвеера вясной 2001 года, гэта значыць, што гэта адна з апошніх такіх машын, бо ад лістапада таго года выпускалася ўжо новае пакаленне BMW 7‑й серыі.
Фота: скрыншот з сайта av.by
Заяўлены прабег аўтамабіля — 127 тысяч кіламетраў. У гэтай машыне, напэўна, ёсць усё, што можна было знайсці ў аўто прадстаўнічага класа ў пачатку XXI стагоддзя.
Фота: av.by, калаж «Наша Ніва»
Машына знаходзіцца ў стокавым стане і выглядае вельмі дагледжанай як звонку, так і ў салоне.
У апісанні прадавец адзначае, што аўтамабіль ніколі не быў у ДТЗ і не мае ніводнага фарбаванага элемента, тэхнічны стан выдатны, лабавое шкло арыгінальнае і знаходзіцца пад бронеплёнкай.
Фота: av.by
Таксама напісана, што гэты аўтамабіль быў прыгнаны з Германіі. Праверка па vin паказвае, што размытнілі гэтую BMW у Беларусі 27 красавіка 2025 года. Магчыма, нейкі час да гэтага машына працягвала ездзіць на нямецкай рэгістрацыі, бо ў апісанні пазначана, што машына была прывезена з Германіі з прабегам 100 тысяч кіламетраў.
Фота: av.by
Наколькі апраўданая цана?
Мадэль E38 можна лічыць сапраўды культавай. Апроч таго, што яе клічуць «апошняй сапраўднай сямёркай», яна набыла папулярнасць праз здымкі ў такіх культавых фільмах, як «Перавозчык» і «Бумер».
Таксама варта ўлічваць, што нават пры выкарыстанні льготы па 140‑м указе, размытнёўка ўзроставага аўто з маторам на 5,4 літра каштавала ўладальніку амаль 16 тысяч еўра.
У самой Германіі цяпер прадаецца ўсяго дзве рэстайлінгавыя BMW e38 з рухавіком 5,4 і прабегам да 150 тысяч кіламетраў.
Фота: скрыншот з сайта mobile.de
За самую танную просяць 29 800 еўра (каля 34 тысячы даляраў), а за самую дарагую — 42 тысячы еўра (каля 48 тысяч даляраў), праўда, апошняя яшчэ і ў версіі «лонг».
Беларускі ўладальнік рэдкай машыны ў апісанні падкрэслівае, што гэта аўтамабіль для сапраўдных знаўцаў.