БЕЛ Ł РУС

Кучук: Я два разы плакаў у камеры наўзрыд, каб зняць псіхалагічную напругу

20.09.2025 / 12:34

Nashaniva.com

Дзмітрый Кучук — экс-палітвязень, старшыня зліквідаванай беларускай партыі «Зялёныя». У размове з «Белсатам» ён успамінае затрыманне пасля ўскладання кветак ля амбасады Расеі, тлумачыць, як яму прысвоілі «нізкі статус» і чаму абвяшчаў галадоўкі, дзеліцца планамі на будучыню.

Цяпер у мужчыну нельга пазнаць чалавека, які адседзеў паўтара года — яго выдае толькі залішняя бледнасць і эйфарыя ад свабоды: «Вы не разумееце — у Беларусі ты ўвесь час шыфруешся, выдаляеш ліставанне, а тут можна спакойна карыстацца тэлефонам — і табе за гэта нічога не будзе». Ён прызнаецца, што пакуль мае праблемы з рэжымам — пакуль ён, як вязень, рана падымаецца і рана кладзецца спаць: «Але вось сёння я, напрыклад, падняўся ўжо а сёмай раніцы, а не а пятай».

«Клімат мяняецца, а кіраўнік ЦВК Беларусі — не»

— Калі пайшлі да амбасады Расеі з партрэтам і бел‑чырвона-белымі ружамі пасля весткі пра смерць Аляксея Навальнага, вы чакалі затрымання?

— Безумоўна. У мяне быў заплечнік з вадою, шакаладкай і пашпартам. Дарэчы, апошні так і застаўся ў Цэнтральным РУУСе. Я загадзя ўключыў сваю геалакацыю для сябра, каб ён разумеў, дзе я. Бачыў аўтобус АМАПа побач з амбасадай. Але не пайсці не мог — Аляксей Навальны быў самым папулярным расейскім палітыкам, ён памёр у зняволенні. Я часта яго ўспамінаў, калі сам сядзеў.

Аднак Дзмітрый не чакаў, што на яго завядуць крымінальную справу, асудзяць і ён правядзе сем месяцаў у адзіночцы, а затым будзе гвалтоўна выправаджаны ў Літву.

Успамінае ўмовы ў ІЧУ, дзе правёў 30 сутак, пакуль яго не перавялі СІЗА: антысанітарыя, блашчыцы, камера на шэсць квадратных метраў, у якой былі 13 чалавек — тром з іх начамі даводзілася стаяць.

— За што вас асудзілі?

— Паводле часткі 1 артыкула 342 Крымінальнага кодэксу («Арганізацыя і рыхтаванне дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх»), мяне зафіксавалі на адным з маршаў у 2020 годзе, і паводле часткі 3 артыкулу 361 Крымінальнага кодэксу («Заклікі да дзеянняў, скіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь»). Паводле апошняга мне ставілі ў віну 17 эпізодаў, сярод іх былі адкрыта смешныя. Напрыклад, у годзе 2018— 2019‑м я напісаў, што «клімат мяняецца, а кіраўнік ЦВК Беларусі — не». Пракурор палічыў, што такім чынам я нанёс «шкоду нацыянальнай бяспецы». На судзе ўсе разумелі, які гэта абсурд, але ў выніку мне далі шэсць гадоў калоніі.

— Ці прапаноўвалі вам пісаць прашэнне аб памілаванні? Параілі б іншым?

— Не, мне не прапаноўвалі, але калі б прапанавалі, я б пагадзіўся. Свабода даражэйшая. Прашэнне — фармальная паперка, якая сама па сабе нічога не значыць, але можа вярнуць да жыцця, сям'і і справы. Я разумею тых, хто прынцыпова не піша, напрыклад, Мікалай Статкевіч — у такіх людзей іншы стрыжань. Але я думаю, сядзець гадамі дзеля прынцыпу — няправільна. Трэба выкарыстоўваць любы шанец, каб апынуцца на волі. Шмат каму, ведаю, прыходзяць адмовы, але паспрабаваць варта.

Вызвалены таксама нагадвае, што палітвязням у любы момант могуць «павесіць» 411‑ы артыкул за «зацятае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі папраўчай установы» за нязначнае парушэнне, і не адзін раз, тым самым значна павялічыць тэрмін. Ён і сам з гэтым сутыкнуўся: яго павінны былі судзіць у панядзелак, але вызвалілі за некалькі дзён да працэсу.

— Ці былі нейкія прыкметы таго, што вас могуць вызваліць раней за тэрмін?

— Так, у радыё чуў навіны, што ідзе гандаль. Зʼявілася нейкая надзея. Потым мне прапанавалі напісаць заяву на новы пашпарт, бо ранейшага ў міліцыі так і не знайшлі. А ў аўторак павялі ў душ, далі брытву. Мяшок на галаву — і ў легкавік. Прывезлі ў СІЗА КДБ, там ужо стала зразумела, што вызваляць. Характэрна, што ніхто не ведаў нашага статусу, пакуль везлі да мяжы, казалі, што асуджаныя. Ну, пасля мінання мяжы мы сталі свабоднымі.

— Як ставіцеся да ідэі гандлю людзьмі ў абмен на санкцыі?

— Гандляваць лёсамі людзей недапушчальна, але свабода людзей важнейшая за любыя камбінацыі.

— Як вам дапамаглі пасля гвалтоўнага вывазу з Беларусі?

— Было нармальнае першаснае падтрыманне, без якога ў першыя дні цяжка. Нам выразна патлумачылі, хто за што адказвае і па якім маршруце ісці: міграцыйныя цэнтры, якія заявы і тэрміны, куды звяртацца па даведкі. Дапамаглі запісацца, запоўніць анкеты, сабраць дакументы. То бок правялі праз базавыя працэдуры. Працуюць валанцёры і арганізацыі. Далей — адказнасць на нас. Я, магчыма, у больш выгаднай пазіцыі: у мяне быў бізнес, я прывык сам зарабляць. Камусьці складаней: узрост, прафесіі, блогеры, прафсаюзныя лідары — людзям, якія ўсё жыццё займаліся грамадскаю дзейнасцю, адаптавацца цяжэй. Шмат для каго гэта фактычна вымушаная дэпартацыя: ніхто не збіраўся зʼязджаць, але свабода даражэйшая. Аднаго дня на волі нічым не заменіш.

Калі ШІЗА і ПКТ — меншае з пеклаў

«Нізкі сацыяльны статус» прысвойваюць тым, каго хочуць ізаляваць і зламаць: у такіх людзей практычна няма правоў, ім навязваюць самую зневажальную працу; зносіны з імі пагражаюць іншым зняволеным тым жа цэтлікам, таму іх пазбягаюць. Яны сутыкаюцца з пастаяннымі прыніжэннямі з боку як адміністрацыі, гэтак і асуджаных. Такія вязні сутыкаюцца з сталаю рызыкаю маральнага, фізічнага і сексуалізаванага гвалту.

— Як у вас зʼявіўся «нізкі статус» у калоніі?

— У ПК № 9 на другі дзень начальнік атраду сказаў: «Будзеш выносіць смецце і прыбіраць рукамыйніцу». Але калі згаджаешся прыбіраць не ў сваёй зоне, прысвойваюць «нізкі статус». Я адмовіўся — атрымаў 7 сутак ШІЗА, потым яшчэ 10. Пазней — ПКТ. Потым у мяне сталі распытваць, чым займалася мая партыя, якую палітычную дзейнасць мы вялі. Я апавёў і згадаў, што «Зялёныя» бралі ўдзел у круглым стале, дзе былі і прадстаўнікі ЛГБТ-руху. І атрымаў «нізкі статус».

Гэта азначала пастаянную пагрозу для палітвязня, яго ўвесь час правакавалі, і ў нейкай меры для яго ратаваннем сталіся ШІЗА і ПКТ за парушэнні рэжыму. У адзіночцы ён агулам правёў 7 месяцаў.

— Што робіць працяглая ізаляцыя з псіхікаю?

— Я спрабаваў абстрагавацца ад рэальнасці, прадумваць нейкія планы на будучыню, але 7 месяцаў адзіночкі — гэта здзек. Ты слухаеш крокі, чужыя галасы, рэха дынамікаў. Здаецца, вар’яцееш. Я два разы плакаў у камеры наўзрыд, каб зняць псіхалагічную напругу. За табою ўвесь час назіраюць, гэта таксама маральна прыгнятае.

— Вы некалькі разоў абвяшчалі галадоўку? Чаго вы патрабавалі?

— Спатканні з адвакатам. Гэта заўсёды той жа рытуал. Раніцай адчыняецца кармушка, і ты павінен услых сказаць: «Адмова. Галадоўка. Патрабую адваката». Да наступнай раздачы здабыць ежу ўжо немагчыма: дзверы зачыняюцца, і ты застаешся сам-насам з рашэннем.

Самаю цяжкаю для Дзмітрыя сталася сямідзённая сухая галадоўка. Гэта поўнае ўстрыманне як ад ежы, так і ад любой вадкасці.

— Першыя два дні было так, потым страўнікавы сок падымаецца, у роце — жоўць, пачынае балець галава, як пры мігрэні. З дурасці я папрасіў таблетку абязбольвальнага — на фоне галадавання пачаліся галюцынацыі. Але за мною назіралі, і калі ўбачылі, што я пачынаю здаваць, перавялі ў санчастку, ставілі кропельніцы з фізрастворам і глюкозаю. Працягваць галадаванне ў тых умовах ужо не было сэнсу.

Калі Дзмітрыя пераводзілі ў жылую зону, галадоўкамі, але гэтым разам мокрымі (можна піць ваду) ён спрабаваў аспрэчыць свой «нізкі статус». Паводле турэмных паняткаў, яму не дазвалялася карыстацца агульнаю рукамыйніцаю, не мог ён карыстацца рукамыйніцай і для асобаў з «нізкім статусам»: гэта аўтаматычна перавяло б яго ў гэтую катэгорыю.

— Здабываў ваду ў прыбіральні — прыгаршчамі. Калі спыняў галадаць, есці мог толькі хлеб: агульным посудам карыстацца таксама нельга, а кантэйнер для кашы ўдалося купіць у турэмнай краме не адразу.

— Чаму вы настойвалі на адмове ад «нізкага статусу», разумеючы рызыкі галадавання для здароўя?

— Гэта пытанне годнасці і бяспекі. «Нізкі сацыяльны статус» — пастаянныя знявагі і пагроза гвалту. У адзіночцы было бяспечней. У жылой зоне спрабаваў заваяваць павагу ўчынкамі, трымаў дыстанцыю. З часам стаўленне стала мяняцца — некаторыя разумелі і дапамагалі.

Моцна падтрымала Кучука кароткая сустрэча з праваабаронцам Алесем Бяляцкім. Размова доўжылася толькі 10 хвілінаў, але Дзмітрый успамінае, што таго запасу спакою і надзеі, якія даў яму нобелеўскі лаўрэат, хапіла надоўга.

— Што было самым цяжкім у турме?

— Катаванне надзеяй, адсутнасць інфармацыі і адзіночка. Псіхалагічны ціск — самы жорсткі. Фізічна вытрымліваеш, маральна — ламаюць. Ты там у ізаляцыі, не ведаеш, ці падтрымліваюць цябе на волі, што будзе ў будучыні і колькі часу правядзеш у зняволенні.

Пашпарт, Парыж, перапрацоўка: найбліжэйшыя крокі Дзмітрыя Кучука

У Беларусі ў Дзмітрыя Кучука быў бізнес перапрацоўвання адкідаў. Гэтым ён плануе займацца і цяпер.

— Буду шукаць нішы з меншаю канкурэнцыяй. Палітыка застаецца палітыкай, а бізнес — спосаб фінансавай незалежнасці. Тут — новы выклік, пачынаеш амаль з нуля, але ты ў Еўропе: веды спатрэбяцца і для будучай Беларусі, калі законы ў краіне будуць паводле стандартаў ЕЗ.

— Вы збіраецеся вяртацца ў Беларусь?

— Не пры гэтых уладах. Я не буду адчуваць сябе ў бяспецы — у любы момант могуць зноў закрыць.

— А што з сямʼёй?

— Мама — у Мінску, ёй 76, хачу зарганізаваць сустрэчу, але лагістыка складаная. Усё ж праз век ёй цяжка вытрымаць дарогу.

Найперш Дзмітрый Кучук хоча атрымаць пашпарт і паляцець у Парыж, дзе жыве ягоная дачка, каб сустрэцца з унучкай, якая нарадзілася, калі дзядуля быў у зняволенні.

Чытайце таксама:

Дзмітрый «Шэры кот» Казлоў — пра тое, як стаў палітычным блогерам і за гэта аказаўся за кратамі. А цяпер будуе новае жыццё ў выгнанні

«Тэрарыстка» Дзербыш, якая атрымала 20 гадоў: Следчы прапаноўваў абылгаць Аўтуховіча ў абмен на лягчэйшае пакаранне

«Хоць цэглай сцірай», або нізкі статус». Гутарка з хлопцам, якога прымусілі ў калоніі знішчыць тату з Пагоняй

Каментары да артыкула