Пад Масквой знайшлі мёртвым гендырэктара кампаніі са структуры «Расатама»
У пасёлку Какошкіна пад Масквой знайшлі мёртвым генеральнага дырэктара кампаніі Umatex (структура «Расатома») Аляксандра Цюніна. Паводле паведамленняў тэлеграм-каналаў Baza, Shot і Mash, топ-менеджар, верагодна, скончыў жыццё самагубствам.
Аляксандр Цюнін. Скрыншот з YouTube
Цела было знойдзена каля аўтамабіля топ-менеджара выпадковым кіроўцам, які паведаміў пра гэта спецслужбам. Побач знаходзіліся вінтоўка і запіска, у якой кіраўнік Umatex напісаў, што на працягу пяці гадоў пакутаваў ад дэпрэсіі. У Цюніна засталіся жонка і двое сыноў.
Аляксандру Цюніну было 50 гадоў. З 2001 да 2013 года ён кіраваў шэрагам тэлекамунікацыйных кампаній, у тым ліку міжнародных. У 2013 годзе заняў пасаду выканаўчага дырэктара холдынга, які выпускаў кампазітныя матэрыялы. У красавіку 2016 года быў прызначаны гендырэктарам ААТ «НПК «Хімпрамінжынірынг», пазней перайменаванага ва Umatex.
Umatex — адзін з сусветных лідараў у вытворчасці вугляроднага валакна. Кампанія таксама займаецца інжынернымі рашэннямі і навукова-даследчымі распрацоўкамі. У 2023 годзе яна трапіла пад санкцыі ЗША, але перад гэтым набыла расійскія актывы амерыканскай кампаніі Owens Corning.
Дзіўныя смерці топ-менеджараў буйных кампаній у Расіі ў апошнія гады сталі амаль будзённасцю. З 2022 года ў Расіі пры нявысветленых ці вельмі дзіўных абставінах загінулі прадстаўнікі кіраўніцтва «Газпрама», «Газпрамбанка», «Лукойла», «Уралкалія», «Транснафты», «Наватэка», «Нарнікеля» і іншых кампаній. Адных знаходзілі з агнястрэльнымі раненнямі, іншых — пасля падзення з вокнаў, яшчэ частку — пры абставінах, афіцыйна патлумачаных як суіцыд або «раптоўная хвароба». Агульная колькасць загінулых такім чынам ужо дасягнула двух дзясяткаў.
Чытайце таксама:
«Цела знайшлі без галавы». У Расіі загінуў яшчэ адзін топ-менеджар, ужо 19‑ты з пачатку вайны
У Расіі прадпрымальнік скончыў жыццё самагубствам пасля допыту пра сувязі з беларускай кампаніяй
У Маскве выпаў з акна былы топ-менеджар ЮКОСа
Самагубствы, забойствы і няшчасныя выпадкі. Як хваля смерцяў захліснула буйны расійскі бізнэс