Якія еўрапейскія сталіцы найбольш небяспечныя?
Euronews прааналізаваў асноўныя гарады Еўропы і вызначыў тыя, дзе найменш гвалту і злачынстваў з ужываннем агнястрэльнай зброі.
Вуліца Мяснікоў у Брусэлі. Фота: Wikimedia Commons
Euronews падкрэслівае, што гэта не навуковае даследаванне — у многіх краінах паліцыя не вядзе падрабязную статыстыку, ды і не ўсе сталіцы ЕС публікуюць поўныя даныя. Тэлеканал абапіраўся на нацыянальныя справаздачы і паведамленні прэсы, суадносячы іх з памерам гарадоў.
Большасць гарадоў у аналізе — сталіцы краін ЕС, але таксама ў спіс уключаны французскі горад Марсэль, дзе сітуацыя была настолькі драматычнай, што яе цяжка ігнараваць. З-за засяроджвання на сталіцах таксама пакінутая за межамі аналізу сітуацыя ў некаторых балканскіх краінах, дзе злачыннасць з выкарыстаннем зброі звычайная справа.
Брусэль — еўрапейская сталіца злачынстваў з прымяненнем агнястрэльнай зброі
У гэтым годзе Брусэль — найбольш небяспечная сталіца Еўропы па гвалце з ужываннем зброі. У раёнах Андэрлехт і Маленбік узмацнілася дзейнасць наркабандаў. Да сярэдзіны жніўня зарэгістравана 57 стралянін, з іх 20 летам. Пракурор Жульен Майніль папярэдзіў, што «ў кожнага жыхара можа трапіць выпадковая куля», і заклікаў да каардынаванай барацьбы з бандамі. Міністр унутраных спраў Бельгіі Бернар Квінцін падтрымлівае ўвядзенне вайсковых патрулёў і пашырэнне сеткі відэаназірання ў ключавых пунктах горада.
Стакгольм — ад спакойнай сталіцы да эпіцэнтру гвалту
Да жніўня 2025 года ў сталіцы Швецыі зарэгістравана 55 стралянін, у якіх загінула дзевяць чалавек. Злачыннасць з выкарыстаннем зброі расце па ўсёй краіне — у гэтым годзе ўжо адбылося 113 стралянін і 33 ахвяры. Наркабанды выкарыстоўваюць забойцаў-падлеткаў, ужываюць зброю і выбуховыя рэчывы. Гэты вобраз кантрастуе са старым уяўленнем Швецыі як бяспечнай краіны.
Марсэль — крэпасць наркамафій
У мінулым годзе ў Марсэлі загінула 24 чалавекі ў стралянінах, звязаных з гандлем наркотыкамі (49 — за год да таго). Эксперты адзначаюць, што спад звязаны не з дзеяннямі паліцыі, а з заканчэннем вайны паміж кланамі. У гэтым годзе мясцовая прэса зарэгістравала два смяротныя інцыдэнты, хоць афіцыйных даных пакуль няма.
Амстэрдам — менш стралянін, але больш выбухаў
Афіцыйнай статыстыкі няма, але СМІ паведамляюць пра рост колькасці выбухаў — у 2023 годзе іх было 197, удвая больш, чым годам раней. Стралянін было менш: ідэнтыфікавана сем сур’ёзных інцыдэнтаў, адзін смяротны.
Гарады з умеранай рызыкай
Парыж, Капенгаген, Афіны, Лісабон, Рым і Мадрыд адзначаюцца стралянінамі, звязанымі з бандамі, але пагроза для выпадковых людзей тут меншая.
- Парыж — менш небяспечны, чым Марсэль ці Брусэль, але ў 2024 годзе павялічылася колькасць забойстваў; зарэгістравана як мінімум чатыры смяротныя атакі з выкарыстаннем зброі.
- Капенгаген — пасля смяротнай страляніны паліцыя ўвяла «пошукавыя зоны», якія дазваляюць кантраляваць і аглядаць людзей у ключавых раёнах, асабліва ў Нёрэбро.
- Афіны — афіцыйных даных няма, але мясцовая прэса паведамляе пра некалькі сур’ёзных інцыдэнтаў у гэтым і мінулым годзе.
- Лісабон — патройнае забойства ў стылі экзекуцыі ў 2024 годзе, у гэтым годзе яшчэ некалькі цяжкіх выпадкаў.
- Рым — восем стралянін за два гады, пяць смяротных ахвяр; частка — мафійныя экзекуцыі.
- Мадрыд — у мінулым годзе восем стралянін, дзве смяротныя ахвяры.
Сталіцы з нізкай рызыкай
Бухарэст, Любляна, Нікасія, Прагa, Рыга, Софія, Вена і Заграб маюць толькі паасобныя інцыдэнты з выкарыстаннем зброі.
Бяспечныя гарады
Берлін, Дублін, Хельсінкі, Вільня, Будапешт, Варшава, Браціслава, Люксембург, Валета, Талін — тут амаль няма стралянін, а тыя, што адбываюцца, з’яўляюцца выпадковымі.
Чытайце таксама:
У Еўропе выкрылі беларускую шпіёнскую сетку. Арыштавалі былога кіраўніка малдаўскай контрразведкі
Беларусь заняла другое месца па злачыннасці сярод еўрапейскіх краін. Як жа складалі такі рэйтынг?