У першым квартале гэтага года ЕС купіў у Расіі тавараў амаль на 9 мільярдаў еўра
Нягледзячы на тры з паловай гады вайны і амаль два дзясяткі пакетаў санкцый, гандаль паміж Расіяй і краінамі ЕС не спыніўся. Паводле дадзеных Інстытута нямецкай эканомікі, толькі ў першым квартале 2025 года Еўрасаюз увёз з Расіі тавараў на 8,7 мільярда еўра.
Пуцін і прэм'ер Расіі Міхаіл Мішусцін. Фота: Contributor / Getty Images
Для параўнання: у 2021 годзе за той жа перыяд імпарт дасягаў 30,6 мільярда, а ў 2022 годзе — рэкордных 63 мільярды з-за скачку цэн на нафту і газ, піша Bild.
Галоўныя выключэнні з санкцыйнай лініі — Венгрыя і Славакія, а таксама часткова Францыя і Іспанія. Як і раней, больш за ўсё грошай ідзе на газ: яго закупілі на 4,4 мільярда еўра, нафты — на 1,4 мільярда, што, праўда, амаль на 93% менш, чым да вайны. Сярод запатрабаваных пазіцый застаюцца ўгнаенні (550 мільёнаў еўра), сталь і жалеза (726 мільёнаў), а таксама нікель (261 мільён).
Экспарт у зваротным напрамку таксама ідзе: у Расію пастаўляюць у першую чаргу машыны і лекі. У першым квартале 2025 года агульны аб’ём склаў 7,9 мільярда еўра — амаль у тры разы менш, чым да вайны. Германія застаецца ў плюсе: у 2024 годзе яна імпартавала з Расіі тавараў на 1,8 мільярда, а прадала на 7,6 мільярда еўра.
На гэтым фоне кіраўніца Еўракамісіі Урсула фон дэр Ляйен заявіла пра планы паскорыць адмову ад імпарту нафты і газу з РФ. Пры гэтым свежыя апытанні ў Германіі паказваюць, што большасць грамадзян выступаюць за поўнае прыпыненне закупак расійскіх энергарэсурсаў.