БЕЛ Ł РУС

Беларуску, якая запускала дрон над урадавымі будынкамі ў Варшавы, зрабілі сведкай і адпусцілі

17.09.2025 / 13:44

Nashaniva.com

17‑гадовую беларуску, затрыманую за запуск дрона ў Варшаве, дапыталі як сведку і адпусцілі, піша Gazeta Wyborcza.

Здымак ілюстрацыйны. Фота: Jens Büttner picture alliance via Getty Images

21‑гадовага грамадзяніна Украіны, які 15 верасня кіраваў дронам над урадавымі будынкамі і Бельведэрам у Варшаве, паліцыя абвінаваціла ў парушэнні авіяцыйнага заканадаўства і перадала Памежнай службе з хадайніцтвам аб дэпартацыі.

Хлопец можа быць асуджаны да пяці гадоў пазбаўлення волі.

17‑гадовую беларуску, якая, як паведамлялася, прыехала ў Польшчу ўсяго за некалькі дзён да здарэння, дапыталі як сведку і адпусцілі.

Малады чалавек жыў у гэтай краіне ўжо 8 гадоў. 

Інцыдэнт адбыўся ў панядзелак, 15 верасня.

Беларуску і ўкраінца затрымалі ўвечары 15 верасня ў варшаўскім парку Лазенкі. Дрон яны запускалі над урадавымі будынкамі і адной з рэзідэнцый прэзідэнта — палацам Бельведэр. Супрацоўнікі службы бяспекі з дапамогай спецабсталявання прымусілі апарат вярнуцца ў аварыйным рэжыме да аператараў.

Следства шукала сляды магчымых кантактаў з заказчыкам. Аднак не выключала, што гэта звычайныя турысты.

У Польшчы з меркаванняў бяспекі палёты дронаў над урадавымі будынкамі і іншымі аб'ектамі крытычнай інфраструктуры забароненыя. На такіх аб'ектах устаноўленыя адпаведныя таблічкі. Кожны аператар дрона, які мае ліцэнзію, у спецыяльным дадатку можа праверыць, дзе дазволена, а дзе забаронена лётаць. Кожны палёт неабходна зарэгістраваць праз мабільны дадатак DroneTower — афіцыйную праграму Польскага агенцтва паветраплавання.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула