Польшча афіцыйна паведаміла ў Мінск пра затрыманне ў Варшаве грамадзянкі Беларусі
Польшча афіцыйна паведаміла беларускім уладам пра тое, што на сваёй тэрыторыі затрымала грамадзянку Беларусі, піша БелТА. Яе абвінавачваюць у тым, што яна кіравала беспілотным лятальным апаратам у зоне, дзе ўстаноўленая забарона на палёты.
Будынак Бельведэрскага палаца ў Варшаве, над якім заўважылі несанкцыянаваны дрон. Фота: Wikimedia Commons
У Міністэрстве замежных спраў Беларусі патлумачылі, што гэты інцыдэнт носіць адміністрацыйна-прававы характар. Працэсуальнымі дзеяннямі займаюцца польскія праваахоўныя органы, Беларусь непасрэдна ўмешвацца ў гэты працэс не збіраецца.
У выпадку неабходнасці грамадзянцы Беларусі абяцаюць аказаць консульскую падтрымку.
Служба аховы Польшчы ўчора вечарам нейтралізавала дрон, які лётаў над урадавымі будынкамі ў цэнтры польскай сталіцы. Паводле апошняй інфармацыі польскай паліцыі, па справе былі затрыманыя дзве асобы: 21-гадовы грамадзянін Украіны і 17-гадовая грамадзянка Беларусі. Затрыманне адбылося ў панядзелак каля 19-й гадзіны.
Улады пакуль не агучылі мэты маладых людзей, але гаворка можа ісці як пра неабдуманы запуск дрона ў забароненай для палётаў зоне цэнтра Варшавы, так і пра мэтанакіраваны збор інфармацыі або праверку рэакцыі службаў бяспекі.
Чытайце таксама:
Украінец і 17-гадовая беларуска. Паліцыя Варшавы ўдакладніла інфармацыю пра затрыманых з дронам
У Варшаве нейтралізавалі дрон над урадавымі будынкамі
Лукашэнка: Беларусь не мае дачынення да дронаў, што залятаюць у Польшчу або Літву