Мост цераз Сож у Гомелі да Дня горада не адкрылі, а абяцанні гэтага цішком выдалілі
Да 13 верасня, калі ў Гомелі адзначалі Дзень горада, мясцовыя ўлады разлічвалі зрабіць гараджанам «падарунак» — адкрыць пасля рамонту пешаходны мост праз Сож. Але гэтага не адбылося, піша «Флагшток».
Старшыня гарвыканкама Уладзімір Прывалаў інспектуе рамонт моста. Фота: «Гомельские ведомости»
Ніякіх буйных інфраструктурных аб’ектаў у гэты святочны дзень у Гомелі ў эксплуатацыю не ўвялі. Замест гэтага гараджанам прадставілі некалькі «сувеніраў», зробленых прадпрыемствамі за пазабюджэтныя сродкі: металічныя фігуры рысі, самалёта, паравозіка і камбайна.
Што да самога моста, то яшчэ ў сярэдзіне жніўня дзяржаўныя СМІ паведамлялі, што яго плануюць адкрыць менавіта да Дня горада. Але пасля таго, як стала зразумела, што рамонт зацягваецца, гэтыя матэрыялы пачалі знікаць або рэдагавацца.
Публікацыя пра планы адкрыцця моста была зусім выдаленая з сайта АНТ
Так, на сайце АНТ інфармацыю проста выдалілі, а ў артыкуле на «СБ. Беларусь сегодня» замест радка пра адкрыццё ў верасні з’явілася фармулёўка «да канца года». Захаваныя скрыншоты гэта пацвярджаюць.
Скрыншоты сайта «СБ. Беларусь сегодня»
Актуальных дакладных тэрмінаў улады цяпер не называюць. Апошняе, што прагучала ў афіцыйным тэлеграм-канале «Гомельщина официально» напрыканцы жніўня, — мост плануюць адкрыць «восенню». Пры гэтым на сайце абласнога тэлебачання яшчэ ў пачатку верасня ў загалоўку заставаўся аптымістычны прагноз — «у верасні».
У самім сюжэце тэлебачання адзначалася, што рамонт ідзе без перапынкаў: замененая маналітная пліта, умацаваныя апоры і бэлькі, а моставое палатно фактычна сабрана наноў. Акрамя гэтага, абяцаюць усталяваць новае асвятленне, шкляныя аглядныя пляцоўкі над ракой і дэкаратыўныя элементы, каб абнаўленне выглядала не толькі тэхнічным, але і эстэтычным.
Чытайце таксама:
У Гомелі на Дзень горада тысяча чалавек станчылі пад песню «Касіў Ясь канюшыну» ВІДЭА
У Гомелі жанчыну асудзілі за арганізацыю «абдымальных вечарынак»