Архітэктар назваў тое, што зрабілі ў Нясвіжы, «карным упарадкаваннем»
Перад касцёлам Божага Цела ў Нясвіжы знішчылі ўсе дрэвы і кусты ў скверы, ператварыўшы яго ў голы пляц з шэрай пліткі і з безгустоўнымі лавамі. Тое самае зрабілі ў Лошыцы.
Упарадкаванне сквера перад касцёлам Божага Цела ў Нясвіжы. Фота: «Культура і Мастацтва»
Тэлеграм-канал «Спадчына» звярнуў увагу на змены, якія адбыліся ў гістарычным цэнтры Нясвіжа, назваўшы гэта «карным упарадкаваннем».
Раней на рагу вуліц Гейсіка і Адама Міцкевіча быў сквер з дрэвамі, якія прыгожа абрамлялі выдатную барочную архітэктуру касцёла, але цяпер усё перамянілася.
Сквер у канцы 2010‑х гадоў, калі пачыналася рэстаўрацыя касцёла. Фота: Гугл Карты
Сквер пасля завяршэння рэстаўрацыі касцёла. Дрэвы ўпрыгожвалі і дапаўнялі багатую барочную архітэктуру храма. Фота: Wikimedia Commons
Гістарычны цэнтр Нясвіжа са скверам перад касцёлам да яго «карнага ўпарадкавання». Фота: planetabelarus.by
Змены, відаць, адбыліся летась. У скверыку былі спілаваныя ўсе дрэвы і нават кусты, замест іх з'явіліся тонкія маладыя дубцы. Мяркуючы па фота гэтага года, нельга сказаць, што гэтыя дубцы прыняліся — сярэдзіна лета, а на іх з цяжкасцю можна разгледзець лісце. Калі і выжывуць, то прыстойны выгляд яны набудуць толькі праз дзесяцігоддзі.
Замест нармальных дрэваў у скверы цяпер тонкія пруткі, якія вырастуць да нармальных памераў толькі праз дзесяцігоддзі. Фота: Гугл Карты
Цяпер галоўным акцэнтам плошчы стаў голы пляц з пліткі, на якім сіратліва стаяць безгустоўныя каваныя лавы — ўсё гэтае калгаснае ўпарадкаванне ніяк не стасуецца з узроўнем архітэктуры і значэннем касцёла Божага Цела.
Кусты, пасаджаныя летась, сёння выглядаюць зусім сумна. Фота: Гугл Карты
У скверы цяпер няма дзе схавацца ад сонца, ветру і дажджу — спыняцца ў такім месцы непрыемна. Фота: Гугл Карты
Асобная разынка — металічная клумба ў выглядзе чорнага раяля, чыя дэка ўпрыгожаная аднагадовымі кветкамі. Кветкавы раяль стаіць на пастаменце з чорнага каменю, нагадваючы хутчэй прыбраны пахавальны катафалк.
Клумба ў выглядзе ці то раяля, ці то катафалка. Фота: Гугл Карты
Такое ўпарадкаванне, калі вынішчаецца ўсё азеляненне і ствараюцца безжыццёвыя прасторы з убогай вулічнай мэбляй, у якіх проста некамфортна знаходзіцца чалавеку, стала сапраўдным пакараннем малых гарадоў і сельскай мясцовасці ў апошняе дзесяцігоддзе.
Густа населеныя і шчыльна забудаваныя буйныя гарады Беларусі парадаксальным чынам становяцца зелянейшыя за райцэнтры і вёскі.
Зрэшты, дурную моду і сюды прыносяць з сабой чыноўнікі, якіх прызначаюць у абласныя цэнтры з правінцыі. Літаральна на днях у Мінску адкрылі пасля рэканструкцыі гаспадарчы двор Лошыцкай сядзібы. У цэнтры замест нармальнага ўпарадкавання — бязмежны пляц з пліткі, пасярод якога гэтак жа сіратліва стаяць тыя самыя каваныя лавы.
Парадкаванне тэрыторыі гаспадарчага двара Лошыцкай сядзібы, створанае ў час нядаўна скончанай рэканструкцыі. Фота: Анлайнер