«Вызвалены» Статкевіч знайшоўся ў калоніі Глыбокага
Пра гэта «Наша Ніва» даведалася з вартай даверу крыніцы.
Мікола Статкевіч. Архіўнае фота: Наша Ніва
69‑гадовы экс-кандыдат у прэзідэнты Мікола Статкевіч высадзіў нагою дзверы аўтобуса і выйшаў у нейтральнай зоне між Беларуссю і Літвой, калі яго спрабавалі дэпартаваць 11 верасня. Статкевіча арыштавалі яшчэ да выбараў 2020 года. Апошнія 2 гады і 7 месяцаў трымалі ў рэжыме інкамунікада на турэмным рэжыме ў памяшканні камернага тыпу ў калоніі Глыбокага, ад яго не было ні слова, ні вестачкі.
Мікола Статкевіч на беларуска-літоўскай мяжы. Скрыншот з відэа анлайн-камеры з памежнага перахода Каменны Лог
Міколу Статкевічу 69 гадоў. Ён нарадзіўся на Случчыне ў сям’і настаўнікаў. Скончыў Мінскае вышэйшае інжынернае зенітна-ракетнае вучылішча (МВІЗРВ), служыў у войску, абараніў кандыдацкую дысертацыю, выкладаў у МВІЗРВ.
У 1991 годзе выйшаў з КПСС і стаў адным з заснавальнікаў Беларускага згуртавання вайскоўцаў, якое дамагалася стварэння нацыянальнай арміі і абароны незалежнасці.
З 1995 года актыўна займаецца палітыкай, узначаліў БСДП (Народная Грамада). Арганізоўваў шматлікія акцыі пратэсту, за што неаднаразова арыштоўваўся і асуджаны.
У 2010 годзе быў кандыдатам у прэзідэнты. Пасля ўдзелу ў акцыі 19 снежня 2010 года асуджаны на 6 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму, вызвалены ў 2015 годзе. Зноў актыўна ўдзельнічаў у палітычных кампаніях і пратэстах.
У маі 2020 года, яшчэ да пачатку пратэстаў, быў арыштаваны. Асуджаны на 14 гадоў калоніі асаблівага рэжыму паводле абвінавачання ў арганізацыі масавых беспарадкаў.