У ААН прагаласавалі за стварэнне палесцінскай дзяржавы
12 верасня Генеральная Асамблея ААН прыняла «Нью-ёркскую дэкларацыю» аб урэгуляванні на Блізкім Усходзе. Дакумент прадугледжвае стварэнне побач з Ізраілем незалежнай палесцінскай дзяржавы.
За дэкларацыю прагаласавалі 142 краіны, у тым ліку дэлегацыя ад Беларусі.
Супраць выказаліся ўсяго 10 дзяржаў: Аргенціна, Венгрыя, ЗША, Ізраіль, Науру, Палау, Папуа—Новая Гвінея, Парагвай, Тонга, Федэратыўныя Штаты Мікранэзіі.
12 краін устрымаліся — гэта Албанія, Гватэмала, Дэмакратычная Рэспубліка Конга, Камерун, Малдова, Паўднёвы Судан, Паўночная Македонія, Самоа, Фіджы, Чэхія, Эквадор і Эфіопія.
Ініцыятыва стала вынікам міжнароднай канферэнцыі ў штаб-кватэры ААН у Нью-Ёрку ў ліпені, арганізаванай па прапанове Францыі і Саудаўскай Аравіі. Праца канферэнцыі працягнецца напрыканцы верасня.
Па словах пасла Францыі Жэрома Банафона, прыняты дакумент прапануе «адзіны план дзеянняў» па рэалізацыі рашэння аб дзвюх дзяржавах. У ім прадугледжана спыненне агню ў Газе, вызваленне закладнікаў, стварэнне жыццяздольнай суверэннай палестынскай дзяржавы. Таксама дэкларацыя патрабуе раззбраення ХАМАС і адхілення яго ад кіравання ў Газе, заклікае да нармалізацыі адносінаў паміж Ізраілем і арабскімі краінамі, а таксама да міжнародных гарантый бяспекі.
У сваю чаргу, пасол Ізраіля ў ААН Дані Данон раскрытыкаваў дакумент, назваўшы яго «аднабаковым». Паводле яго, дэкларацыя «стане ў гісторыі не крокам да міру, а чарговым пустым жэстам, які падрывае аўтарытэт Асамблеі». Ён заявіў, што галоўным бенефіцыярам гэтага рашэння стане ХАМАС, які можа прадставіць яго як вынік сваіх дзеянняў 7 кастрычніка 2023 года.
Чытайце таксама:
Прапалесцінскія пратэсты зрываюць адну з найбуйнейшых велагонак свету
Катар лічыўся бяспечным месцам для перамоў. Што будзе пасля ўдару Ізраіля?
Трамп зрабіў апошняе папярэджанне ХАМАС
Ізраіль чакае, што горад Газа пакіне мільён чалавек. ААН папярэджвае аб жудасных наступствах
Ізраіль заявіў пра ліквідацыю прэс-сакратара ХАМАС Абу Убэйды